Уладзіміра Караткевіча ўспомнілі ў Мінску (+ФОТА, АЎДЫЯ)

На вечарыне, якую вёў Старшыня ГА "СБП", празаік, галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч, быў прэзентаваны новы, 78-ы нумар часопіса з унікальнай публікацыяй дзённіка Уладзіміра Караткевіча, выдадзенай дзякуючы пляменніцы класіка -- Алене Сінькевіч.

Спадарыня Алена ўзяла ўдзел у імпрэзе і выступіла з расповедам пра Уладзіміра Сямёнавіча, пра працэс падрыхтоўкі рукапісу да друку, пра ўражанні ад яго прачытання і ўвогуле пра асобу Караткевіча.

Цягам вечара гучалі ўспаміны сяброў пісьменніка, вершы, прысвечаныя яму, а таксама песні на ягоныя тэксты. Гучаў голас самога Уладзіміра Сямёнавіча, запісаны Сяргеем Панізнікам і выдадзены на дыску ў межах праекта "Галасы".

Уладзімір Караткевіч, справа ўверсе: разам з Рыгорам Барадуліным. Здымкі з архіваў Рыгора Барадуліна і Сяргея Панізніка

Выступае Барыс Пятровіч

Алена Сінькевіч

Былі паказаныя фотаздымкі з архіву Рыгора Барадуліна, які блізка сябраваў з Караткевічам. Яны, нашыя класікі, на гэтых супольных фота -- маладыя, адкрытыя, усмешлівыя, а часам па-філасофску задумлівыя -- якраз такія, як пра іх гавораць блізкія і сябры.

Злева: Сяргей Панізнік і Людміла Паўлікава-Хейдарава

Гурт "Нельга Забыць" з песнямі на вершы Уладзіміра Караткевіча

Уверсе: Усевалад Сцебурака, ніжэй: Барыс Пятровіч, Леанід Дранько-Майсюк

Гісторыя сяброўства ў аўтографах: Уладзімір Караткевіч -- Сяргею Законнікаву

Уверсе: прамаўляе Сяргей Законнікаў, унізе: спявае Анатоль Івашчанка

Уладзімір Арлоў

Злева направа: Уладзімір Някляеў, Анатоль Верабей; Алесь Камоцкі

Асобна было адзначана пра выданне Поўнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча (як расказаў даследчык, кіраўнік гэтага праекта Анатоль Верабей, на дадзены момант ёсць ужо 10 тамоў з меркаваных 25-ці).

Гервасій Выліваха. Аўтар: Генік Лойка

Скульптар Генік Лойка прадэманстраваў макет фантана для горада Рагачова, галоўны герой якога -- Гервасій Выліваха з Караткевічаўскай "Ладдзі Роспачы".

На завяршэнне вечарыны кожны ахвотны змог атрымаць новы нумар "Дзеяслова".

Тэкст, фота і аўдыя: Віка Трэнас, для lit-bel.org