Уладзіміру Арлову – 60! Віншуем!

Уладзімір Арлоў. Фота budzma.org

Паважаны спадар Уладзімір! Сардэчна віншуем Вас з юбілеем і зычым моцнага здароўя, дабрабыту, плёну ў справах, штодзённага выдатнага настрою і творчага натхнення!

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"      

Уладзімір Аляксеевіч чытае свае творы ў праекце "Чорна-белыя вершы"

"Добрая літаратура – гэта тая, якую цікава чытаць і якая прымушае страпянуцца цябе самога, абсалютна нечакана нараджаючы асацыяцыі, сюжэты, дыялогі..." – разважае пісьменнік на старонках "Нашай Нівы".

Уладзімір Арлоў нарадзіўся 25 жніўня 1953 года ў Полацку. Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. 

Аўтар 20 кніг прозы, паэзіі, гістарычных нарысаў і эсэ, у т.л. “Добры дзень, мая Шыпшына” (1986), “Дзень, калі ўпала страла” (1988), “Асветніца з роду Усяслава” (1989), “Рандэву на манеўрах” (1992), “Міласць князя Гераніма” (1993), “Таямніцы полацкай гісторыі” (1994), “Пяць мужчын у леснічоўцы” (1994), “Фаўна сноў” (1995), “Божая кароўка з Пятай авеню” (1998), “Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны” (1998), “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” (1999; у суаўтарстве з Г. Сагановічам), “Адкуль наш род” (1996; 2000), “Сны імператара” (2001), “Краіна Беларусь” (2003; у суаўтарстве з З. Герасімовічам), “Адкусі галаву вароне” (2003), “Ордэн Белай мышы” (2003), “Каханак яе вялікасці” (2004), “Час чумы” (2005), “Сланы Ганібала” (2005), “Паром праз Ла-Манш” (2006) і інш.

Творы Уладзіміра Аляксеевіча перакладзеныя на 25 моваў, у т.л. нямецкую, ангельскую, польскую, чэшскую, французскую, эстонскую, літоўскую, славацкую, грузінскую і інш. 

Эсэ “Незалежнасць — гэта...” з кнігі “Мой радавод да пятага калена” 1993 году перакладзенае больш чым на дваццаць моваў. Кнігі “Таямніцы полацкай гісторыі” (1994) і “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” (у сааўтарстве з Генадзем Сагановічам) увайшлі ў спіс 100 самых папулярных беларускіх кніг ХХ стагоддзя, складзены паводле апытання газеты “Наша Ніва”.

Аўтар сцэнароў навукова-дакументальных фільмаў “Ефрасіння Полацкая”, “Полацкія лабірынты”, "Сімяон Полацкі" і інш.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1991), лаўрэат выдавецкай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча (1993), літаратурнай прэміі імя Ф. Багушэвіча Беларускага ПЭН-Цэнтра (1996), прэміі Таварыства вольных літаратараў “Гліняны Вялес” (за зборнік эсэ “Божая кароўка з Пятай авеню”, 1998), прэміі “Еўрапейскі паэт свабоды” (за кнігу вершаў “Паром праз Ла-Манш”, 2010).

Афіцыйны сайт Уладзіміра Арлова

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"