Уладзіміру Бутрамееву — 60!

20 сакавіка споўнілася 60 гадоў Уладзіміру Пятровічу Бутрамееву — беларускаму пісьменніку, драматургу, сябру СБП. Шаноўны спадар Уладзімір! Віншуем Вас з юбілеем і зычым плёну ва ўсіх справах, дабрабыту, моцнага здароўя, сонечных падзей і штодзённага добрага настрою!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Уладзімір Бутрамееў нарадзіўся 20 сакавіка 1953 года ў вёсцы Расна Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. Скончыў геаграфічны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута, працаваў у школах Горацкага і Чэрыкаўскага раёнаў настаўнікам і загадчыкам навучальнай часткі. У 1980-м пераехаў у пасёлак Альбярцін пад Слонімам. Працаваў на Слонімскай папяровай фабрыцы, настаўнікам у вячэрняй школе, у Слонімскім прафесійна-аматарскім тэатры. У 1986 годзе скончыў Вышэйшыя двухгадовыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве, атрымаў спецыяльнасць кінадраматурга. У 1989-м залічаны на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Сябар СП СССР з 1987.

Уладзімір Пятровіч пачынаў як празаік, пісаў на рускай мове, друкаваўся ў Маскве. Выходзілі кнігі аповесцей і апавяданняў «Любить и верить» (1986), «Сдвиженье» (1990), аповесці «Где праздник, там и я, или Сказка-басня о том, как жил, по свету бродил, умер и живым остался ловкий мужик Нестерка» (зборнік «Дни этого года», 1986). На беларускай мове ў 1993 годзе пабачыў свет зборнік прозы «Задарожжа».

Вядомасць спадару Бутрамееву прынесла п'еса "Страсці па Аўдзею" (іншая назва — "Крык на хутары", 1989), пастаўленая рэжысёрам Валерыем Раеўскім на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Уладзімір Бутрамееў — аўтар п'есы-рэмэйка, створанай паводле фальклорных крыніц, пад назвай «Ізноў Несцерка» (1986). 

Прэсавая служба СБП