Уладзіміру Марозу -- 60!

Паважаны Уладзімір Вікенцьевіч! Віншуем Вас з юбілеем, зычым здароўя і дабрабыту, плёну і поспехаў ва ўсіх справах, радасці кожны дзень!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Уладзімір Мароз (псеўданімы Уладзімір Забраннік, Іван Дойлід) нарадзіўся 11.06.1953 у горадзе Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Сярэднюю школу скончыў у вёсцы Даманава таго ж раёна (1970). Скончыў архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1975), Літаратурны інстытут імя А.М. Горкага ў Маскве (1983). Працаваў інжынерам на Вытворча-тэхнічным аб’яднанні “Інтэграл” (1975-1977), архітэктарам у Дзяржаўным праектным інстытуце “Мінскпраект” (1977-1981), старшым рэдактарам Дзяржкіно БССР (1981-1988), вядучым рэдактарам студыі “Летапіс” кінастудыі “Беларусьфільм” (1988-1998), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Бярозка” (1998-2004). З 2005 года – вядучы рэдактар студыі “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

Першыя вершы надрукаваў у Івацэвіцкай раённай газеце “Кастрычнік” (“Івацэвіцкі веснік”) (1978). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1997 года, Беларускага саюза кінематаграфістаў з 1997 года.

Узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2013), Ганаровай граматай (1994) і нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2009), медалём Беларускага саюза кінематаграфістаў “За выключныя заслугі ў беларускім кінематографе” (2009).

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"