Уладзіслаў Ахроменка: «Мой раман у Беларусі могуць выкінуць з кнігарняў»

Днямі ў менскай кнігарні «Галерэя Ў» прайшла аўтограф-сэсія празаіка
Ўладзіслава Ахроменкі, чый кінараман-фарс «Тэорыя змовы» выйшаў
напярэдадні ў выдавецтве «Логвінаў». У выдавецкім пасьляслоўі да кнігі
гаворыцца: «Аўтар у парадаксальнай і жорсткай форме ставіць тыя
беларускія пытаньні, якія многія баяцца задаць сабе нават у думках.
Адказы гучаць іранічна, цынічна, непрадказальна і радыкальна». Пасьля
сустрэчы з чытачамі «цынік і радыкал» Уладзіслаў Ахроменка адказаў
на пытаньні «Дома літаратара».
— Уладзіслаў, ужо нават з-за адной анатацыі да вашай кнігі
хочацца сьпяшацца ў кнігарню: «Калі ты сапраўдны аматар вострасюжэтных
інтрыгаў, шматхадовых авантураў і фэерычных пагоняў, калі ты атрымліваеш
асалоду ад шляхотнага каньяку, а не ад закіслага піва, — гэты раман
пісаўся для цябе». Думаю, што і пасьля самой кнігі чытач не застанецца
абыякавым: хтосьці нарагочацца, хтосьці абурыцца з аўтаравага цынізму.
Каб зачапіць чытача за жывое, вы гатовы на ўсё?
— Не, ёсьць пэўныя межы, цераз якія я пераступіць проста не магу. Але
чытач за маю кнігу выкладае з кішэні свой медны шэлег і за свае грошы
мусіць атрымаць камфортнае чытаньне, яму мусіць быць цікава.
— Вы кажаце — ня можаце пераступіць пэўныя межы. Вось адзін
з вашых герояў сьпявае: «Магутны Гітлер, ўладар сусьветаў…». Па-мойму,
гэта акурат за ўсімі межамі.
— Не, гэта проста правакацыя — абсалютна відавочная. Гэта як у вядомым
з 1994 году вершыку: «Пад гэтым бел-чырвоным сьцягам Пазьняк у кайзэра
служыў». У маім рамане — прыкладна тое ж самае. Потым не забывайцеся,
што верш Натальлі Арсеньневай у рамане ўкладаецца ў вусны адмоўнага
героя. У тэксьце апісваецца батлейка «Подзьвіг Гастэлы», і для
яе ўдзельнікаў такі пункт гледжаньня абсалютна натуральны.
— Вашу «Тэорыю змовы» мне хочацца параўнаць толькі з адным
творам у беларускай літаратуры — з «Запіскамі Самсона Самасуя» Андрэя
Мрыя. Толькі ў вас сатыра яшчэ больш брутальная. Ваш герой
паэт-адраджэнец Скіргайла, які прадае душу д’яблу, каб уратаваць
Беларусь, урэшце разумее, што фізычным зьнішчэньнем ворагаў беларушчыны
яе не ўратуеш. А які ваш рэцэпт яе ўратаваньня?
— Можна колькі заўгодна крэмзаць на парканах лёзунгі «Люблю Беларусь!»
ці «Жыве Беларусь!», вывешваць на комінах бел-чырвона-белыя сьцягі
на Дзень Волі… Але ўсё ж Беларусь, увогуле радзіма, не пачынаецца
са сьцягоў ці лёзунгаў. Радзіма пачынаецца з таго, што ты ўладкуеш сваю
ўласную хату. Потым ты пачынаеш даводзіць да ладу вуліцу, дзе ты жывеш,
потым горад, а ўжо потым — краіну. Увогуле, што такое радзіма? Радзіма —
гэта ня лёзунг. Радзіма — гэта паркавая лаўка, дзе ты ўпершыню
з дзяўчынкай пацалаваўся. Радзіма — гэта плюшавы мішка, з якім
ты засынаў у дзяцінстве. Радзіма — гэта грады, якія ты даглядаў са сваёй
бабуляй. А лёзунгі — гэта ўсё ж другаснае, як па мне.
— Ваш раман ілюстраваны як вэстэрн, на вокладцы гэткі імпазантны
беларускі каўбой з абрэзам у руках. Але не абрэз прыцягвае ўвагу.
Памятаецца чэхаўскае: калі ў першым акце на сьцяне вісіць стрэльба,
то ў другім акце яна мусіць стрэліць. Зброя ў вашым рамане — знакамітая
Дзіда Лангіна. Але яна не задзейнічаная. Можа, усё ж варта было
пару-тройку ворагаў Беларусі на яе нанізаць?
— Які вы крыважэрны… У рамане забойстваў і так хапае. Прыкладам, у самым
канцы кнігі адзін з галоўных герояў партызан дзед Талаш з прыхаванага
нямецкага кулямёта расстрэльвае ўсё рагатае быдла, якое намерваецца
забраць дзіцятка. Тое, што не выстрэльвае ў якасьці супэр-зброі Дзіда
Лангіна — гэта сюжэтная спэкуляцыя. Яна не магла стрэліць у такой
якасьці. Дзіда Лангіга — гэта цудадзейная зброя, а адзін з пасылаў майго
тэксту — нельга спадзявацца на цуды. Вось я вазьму яе, пашастаю ўсіх
ворагаў беларушчыны, увогуле ўсіх ворагаў, і адразу зажывем мы як мае
быць… Цудаў не бывае. Трэба паляпшаць сваё жыцьцё сваімі рукамі.
— А яшчэ адзін з пасылаў вашага тэксту, калі я правільна зразумеў: залаты век той, у які мы жывем.
— Абсалютна правільна. Нельга мяняць мінулае, таму што яго а priori
нельга зьмяніць. Мяняць трэба сучаснае. А мяняць сучаснае, зноў мушу
паўтарыцца, трэба пачынаючы з уласнага дому. Прыбяры сваю хату, прыбяры
свае грады, працуй на іх. Упарадкуй тое месца, дзе ты жывеш, дзе жылі
твае дзяды і прадзеды, дзе будуць жыць твае дзеці і ўнукі. Вось што
трэба мяняць. Немагчыма пернесьціся на пяць стагодзьдзяў таму, у часы
Жыгімонта Старога, і мяняць нешта там. Усё — гэта ўжо пройдзены этап.
Што было, тое сплыло. Агульны мэсыдж рамана — трэба давесьці да ладу
сваю дзялку.
— Аўтарскае вызначэньне жанру «Тэорыі Змовы» — кінараман-фарс. Ці спадзяецеся вы, што ваш твор будзе экранізаваны?
— У сучасных варунках — не. Кінавытворчасьць вымагае вялікіх грошай.
Я ў свой час трохі працаваў з «Беларусьфільмам», з маскоўскімі
кінакампаніямі, і таму ведаю кінапрацэс. Пакуль ня будзе грошай, пра
аніякае кіно гаварыць нельга. Што да экранізацыі… У сёньняшняй Беларусі
«Тэорыю змовы» ніхто экранізаваць ня зможа. Мала таго, я не зьдзіўлюся,
калі раман на чыёсьці пільнае распараджэньне выкінуць з кнігарняў.