Ульф Старк прэзентаваў "Дыктатара" для маленькіх

Адзін з самых вядомых еўрапейскіх дзіцячых паэтаў Ульф Старк 18 лютага прэзентаваў у галерэі «Ў» сваю кнігу «Дыктатар», перакладзеную на беларускую мову. Гэта гісторыя пра маленькага хлопчыка, які ўпэўнены, што свет круціцца вакол яго.

Ілюстратарам праекта стала вядомая фінская ілюстратарка Лінда Бундэстам, а беларускую версію кнігі стварылі перакладчыцы Наста Лабада і Вольга Рызмакова.

Даступная кніга і ў электронным варыянце. Яна выйшла ў выдавецтве Bybooks, і яе можна знайсці на сайце www.bybooks.eu.

На беларускую прэзентацыю кнігі прыйшло больш дарослых, чым дзяцей, — адзначыў мадэратар прэзентацыі, паэт Андрэй Хадановіч.

Ульф Старк пракаментаваў гэта так:

— Я не лічу, што існуе такая вялікая розніца паміж дзецьмі і дарослымі. Дарослыя — гэта дзеці, якія прыкідаюцца дарослымі.

Паэту спадабалася мінская публіка.

— Выдатная публіка. Усе выглядаюць цалкам задаволенымі, і нават чытаюць маю кнігу, — пажартаваў аўтар. — Калі я ўзяў дарослую назву для дзіцячай кніжкі, якая зусім не пра палітыку, а пра свет хлопчыка, я разыграў публіку. Кніжка на самой справе дзіцячая.

Ульф Старк прызнаўся, што ў дзяцінстве яго любімым фільмам быў «Дыктатар», у якім Чарлі Чаплін грае Адольфа Гітлера.

— Гэта фільм, у якім добра спалучаецца і гумар, і сур’ёзнасць, — дзеліцца паэт. — На мой погляд, добрая дзіцячая кніга павінна быць такой самай. Калі дарослы чытае дзіцячую кнігу, і яна яму не падабаецца — гэта дрэнная кніга.

Па словах Ульфа Старка прататыпам «дыктатара» стаў яго старэйшы брат.

— Ён, напрыклад, вырашаў, будзе са мной сварыцца ці не, — згадвае пісьменнік. — Па-шведску словы “дыктатар” і “паэт” гучаць вельмі падобна. Таму, калі я пісаў кнігу, то сам вырашаў, што ў ёй будзе. У нейкім сэнсе я і сам дыктатар.

Пасля афіцыйнай прэзентацыі бард Віктар Шалкевіч прэзентаваў беларускі тэкст кнігі ва ўласцівай яму артыстычнай манеры. Прэзентацыю суправаджаў паказ электроннай версіі «Дыктатара».

У канцы афіцыйнай часткі ўсе жадаючыя змаглі набыць кнігу, пагутарыць з аўтарам і ўзяць у яго аўтограф.

Паводле Сяргея Балая, gazetaby.com

Фота - lit-bel.org