Ураджэнка Баранавіцкага раёна здымае відэатрэйлеры па кнігах беларускіх пісьменнікаў

 

Рэклама «Пану Тадэвушу»

Кацярына Казлова толькі распрацоўвае сцэнарый свайго першага відэароліка. Таму яна пакуль не ўяўляе, якім ён будзе, вядома, што па творах Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Справа гэта для Кацярыны новая і незвычайная, бо сама дзяўчына не мае ніякага дачынення да кінематографа. Яна скончыла Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа па спецыяльнасці экскурсавод, турагент.

Зараз навучаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на гістарычным факультэце.

Ідэя ствараць буктрэйлеры ўзнікла ў студзені мінулага года пасля заканчэння школы арт-менеджараў грамадскага абяднання «Арт-Сядзіба». Вынікам навучання і стаў гэты праект – стварэнне маленькіх відэаролікаў па творах беларускіх пісьменнікаў. Увогуле, буктрэйлеры – гэта звычайная справа для літаратуры за мяжой. Мэта такіх ролікаў – прапаганда чытання, прыцягненне ўвагі да кніг.

На думку Кацярыны Казловай, беларуская літаратура вельмі цікавая. Маладая дзяўчына не ўяўляе свайго жыцця без кніг. Перавагу аддае класічнай літаратуры: Коласу, Купалу, Караткевічу, Міцкевічу, Баршчэўскаму, Багдановічу. Сваім праектам дзяўчына імкнецца паказаць сучаснай моладзі творы беларускіх пісьменннікаў зусім з іншага боку.

– Патрэбна нагадваць людзям, што ў іх ёсць пад рукамі такая каштоўнасць, як кніга. Гэты праект карысны тым, што нагадвае людзям, нашай моладзі, што ў нас ёсць унікальная літаратурная спадчына, – лічыць прыхільніца беларускай літаратуры і гісторыі.

Стварэннем буктрэйлераў Кацярына займаецца ў вольны час на грамадскіх пачатках.

Даследчык палаца Радзівілаў

Любоў да літаратуры і гісторыі сфарміраваліся ў Кацярыны яшчэ з дзяцінства. У пачатковай школе ў вёсцы Паланэчка Баранавіцкага раёна, дзе яна нарадзілася, дзяўчынка яшчэ ў малым узросце ўражвала вяскоўцаў невядомымі фактамі з гісторыі палаца Радзівілаў.

– Я жыла побач з гісторыяй: мой дом стаіць насупраць палаца Радзівілаў, – расказвае Кацярына Казлова. – Таксама палюбіць гісторыю дапамаглі бацькі і мая класная кіраўніца Валянціна Уладзіміраўна Медушэўская. Яна вяла ў мяне гурток «Ведай свой край».

У Нясвіжскім каледжы Кацярына напісала навукова-даследчую працу па гісторыі палаца. І зараз яна працягвае работу над даследваннем, але ўжо працуе на новага ўладальніка палаца, які купіў яго ў 2014 годзе.

– Я займаюся гістарычнымі пытаннямі, іншыя людзі – фінансавымі дамоўленасцямі, арганізацыйнымі пытаннямі. Рух ідзе і вынікі ёсць. Ствараецца фонд. Дакладна магу сказаць, што нагоды хвалявацца за палац у Паланэчцы няма, – расказала Кацярына.

Аднак за іншыя помнікі сваёй малой радзімы наша зямлячка хвалюецца больш. Яна лічыць, што Баранавіцкі раён мае вялікі турыстычны патэнцыял, але большая колькасць помнікаў знаходзіцца ў аварыйным стане.

– Гэта вельмі жудасна. Вельмі хвалюе мяне абыякаваць людзей да гэтага. Бо час мінае, помнікі рушацца, як і рушыцца наша гісторыя. А без гісторыі мы — ніхто.

Даведка “IP”. Буктрэйлер (англ. Booktrailer) – гэта невялікі відэаролік, які распавядае ў адвольнай мастацкай форме аб якой-небудзь кнізе (Вікіпедыя).

 

Таццяна Некрашэвіч, intex-press.by