Уручылі Варшаўскую літаратурную прэмію

У намінацыі “Проза” перамог Казімеж Орлась за кнігу “Дом пад Лютняй”. У кнізе аўтар апісвае жыццё мазурскай вёскі, дзе пасля вайны знайшлі свой дом украінцы, палякі, нямецкамоўныя палякі. Орлась паказвае, як у цяжкія часы людзі кіраваліся ва ўзаемных стасунках не паняццямі народу альбо рэлігіі, а простай сумленнасцю.

 

Сам Казімеж Орлась адзначыў: “Некаторыя здзівіліся, што я заўсёды быў аўтарам, які рэальна і жорстка піша пра свет, паказвае чорную рэчаіснасць. А тут нечакана — ідылія. Ды яшчэ і ў пасляваенных умовах, калі быў сталінізм і вельмі сумныя часы. Я гэта пісаў з перспектывы 9-гадовага хлопца, мне падказвала памяць. Я трошкі памятаю сталінізм — з размоваў бацькоў, з хатняй атмасферы, але і ў той жа час памятаю сонечнае святло, Варшаву ў руінах, але сонечную. І гэтыя цудоўныя Мазуры, дзе я правёў першыя пасляваенныя канікулы. Я быў там з бацькамі тройчы, як і Томэк з майго рамана. 

У намінацыі “Паэзія” галоўную ўзнагароду здабыў Кшыштаф Карасэк за зборнік вершаў “Дзённік героя”. 

Прэмію за найлепшую дзіцячую кнігу — за тэкст і ілюстрацыі — атрымалі Дарота Сідар, а таксама Аляксандра і Даніэль Мізілінскія за кнігу “Куды дзелася выдра, альбо Следства ў Віланаве”. 

У намінацыі “Варшаўская серыя” перамог Томаш Масціцкі за кнігу “Тэатры Варшавы 1944–45”. У намінацыі “Варшаўскі творца” галоўную прэмію здабыла Ёанна Кульмова, паэтка, празаік, якая сёлета акурат святкуе юбілей – 85 гадоў, і чыё жыццё шчыльна звязанае з Варшавай. Варшава — гэта лідар у Польшчы па чытанні кніг, таму заканамерна, што тут уручаецца свая літаратурная прэмія, гаворыць пісьменніца, старшыня Рады Варшавы Дарота Маліноўска-Групіньска. Варшаўская літаратурная прэмія — гэта працяг узнагароды, якая ўручалася найлепшым майстрам пяра ад 1926 па 1938 гады. Першым лаўрэатам прэміі стаў старэйшы сын Адама Міцкевіча — Уладзіслаў, а апошнім — Леапольд Стаф. Лаўрэатамі прэміі ў розныя гады былі Тадэвуш Бой-Жаленьскі, Поля Гаявічыньска, Марыя Кунцэвічова. 

У пасляваеннай Варшаве таксама былі сталічныя прэміі для літаратараў, але ў іх не было ані пастаяннай назвы, ані агульных прынцыпаў прызначэння. Сярод пасляваенных лаўрэатаў Варшаўскай літаратурнай прэміі — Мірон Белашэўскі, Казімеж Брандыс, Эрнэст Брыль, Ежы Вальдорф. 

Сёлета лаўрэаты былі вызначаныя ў наступных намінацыях: проза, паэзія, дзіцячая літаратура, а таксама варшаўская серыя.

ПрайдзіСвет