"Ушачы асірацелі". Землякі — пра Рыгора Барадуліна

Жалобны куток у вушацкай школе

Народны паэт Беларусі пайшоў з жыцця ў Даравальную нядзелю, 2 сакавіка. У панядзелак карэспандэнты TUT.BY паехалі на яго радзіму, каб пабачыць дарагія яго сэрцу мясціны і сустрэцца з людзьмі, якія асабіста ведалі славутага земляка. А на наступны дзень, 4 сакавіка, дзядька Рыгор вярнуўся ў родную зямлю назаўсёды – яго пахавалі на пагорыстых старых вушацкіх могілках побач з маці Акулінай Андрэеўнай. 

Лецішча дзядзькі Рыгора ва Ушачах

У вушацкім касцёле спяваюць народна-барадулінскі гімн

Валянціна Пятроўна Відзевіч  настаўніца нямецкай мовы Ушацкай сярэдняй школы. Мы сядзім з ёй у вельмі ўтульнай школьнай бібліятэцы. Суразмоўца цалуе партрэт Барадуліна ў кнізе "Ксты". Падчас усёй гутаркі яе голас дрыжыць, жанчына часта зрываецца на слёзы і з-за гэтага адмаўляецца фатаграфавацца: 

 Бог даў нам гэтую зорку, каб праз яго наша зямля была бліжэй да неба. Барадулін ніколі не будзе для нас памерлым. Ён навечна ў гэтай старане, бо гаварыў на зразумелай усім ушачанам мове  пра праблемы, блізкія яму і нам. Увогуле, пра яго трэба не гаварыць. Яго трэба чытаць. Чытайце яго  і будзеце з ім. Аднойчы была сустрэча ў гонар паэта ў нашым касцёле. Дык адна жанчына, гандлярка, тады прызналася са сцэны: "Я цэлую ноч правяла з Барадуліным. Чытала вершы, плакала, малілася…" 

"У кожным па яго дабраце Бог расце",  пісаў Рыгор Іванавіч. На маю думку, галоўнае ў Барадуліне  яго шчодрасць. Шчодрым жа можа быць толькі той, у каго ёсць што даваць. А колькі ўсяго даў Бог Барадуліну! 

Мой брат быў ягоным равеснікам. Школьнікі ладзілі канцэрты для калгаснікаў. І Барадулін ужо тады пісаў вершы. Мама мая запомніла, як ён аднойчы выйшаў на сцэну. Апрануты бедна, але стаў у постаць, натапырыўся, як герой. І пачаў чытаць верш пра суп. Мама запомніла такія радкі: "Бубіна за бубіной чапляецца з дубіной. Так, бывала, наясіся, хоць на пупіку круціся". Такі пасля вайны быў суп…

А сястра мая задумала паступаць на артыстку  у кінематаграфічны інстытут у горадзе Савецку Калінінградскай вобласці. І прачытала на іспыце паэтычны твор па-беларуску. Ні Купалы, ні Коласа, а свайго земляка! Гэта быў адзін з ранніх вершаў Барадуліна, прысвечаны загінуўшаму на вайне бацьку. І камісія была дужа ўражана, хоць гэта адбывалася ў рускім горадзе.

Пра Барадуліна ў нас людзі думаюць так: "Ён – канешне ж, свой, выйшаў з нас. Аднак мы, простыя людзі, - тут, а ён, славуты зямляк,  дзесьці  там, наверсе". 

Але калі ў каго былі нейкія патрэбы ці справы ў Мінску, то людзі ішлі да Барадуліна. І ён нікому ніколі не адмовіў і нічога за гэта не браў, ніякіх сумак ці грошай. Яму было радасна дапамагчы земляку. 

Яго дужа любілі дзеці. Калі ўбачаць, што ён тут, на лецішчы, нарвуць яму морквы, буракоў і нясуць. А ён кожнага пагладзіць, спытае: "Ці вучыце беларускія вершы?". 

Рака Ушача


Людзі думаюць, што Ушачы  ад слова "вуха". Не! Назва паходзіць ад "усць шаць"  гэта прыгожае месца каля рэчкі. Дарэчы, Барадулін не казаў: Ушачы. Толькі  Ушача. Гэты варыянт, ён лічыў, найбольш адпавядае беларускаму правапісу. 

Я зараз прачытаю вам радкі з кнігі "Ксты": 

Храм стыне з босай галавой 
Пад чарапіцаю хмурынак. 
Мітрэнга ў марнасці муроў 
Знайшла апуджаны прыпынак.
Зарос трывогаю спакой. 
Ірдзеюць, як Хрыстова кроў, 
На сценах гронкі арабінак. 


Барадулін зрабіў тут дакладны малюнак таго, якім быў наш касцёл напрыканцы 90-х. Без даху  храм бамбілі немцы, без варот, унутры зарос дзядоўнікам, а на сценах, як ні дзіўна, прыжыліся рабінавыя дрэўцы, і яны нават чырванелі ягадамі. 

Раз на месяц ва Ушачы прыязджаў з Лепеля ксёндз Мечыслаў. Вернікі, а было нас вельмі мала, збіраліся ў прыватным доме. Аднойчы ксёндз не змог прыехаць. Мы самі ўзялі малітоўнік і пачалі маліцца. Напрыканцы кожны стаў прыносіць свае просьбы да Бога. Усе просяць здароўя, дабрабыту, а адна бабулька кажа: "Дзеткі, я так хачу, каб аднавілі наш касцёл!". 

Мужчыны, якія прысутнічалі на той супольнай малітве, гавораць: "Трэба гэты касцёл хаця б для пачатку вычысціць ад смецця". І ўжо праз два дні ажыццявілі гэта. Потым да нас далучыліся ўсе месцічы: і праваслаўныя, і баптысты, і нават атэісты. Бо ўсе хацелі, каб у цэнтры пасёлка было прыгожа. І праз два месяцы ў касцёле адбылася першая пасляваенная імша. Сабралася ўся Ушача!

Адноўлены касцёл святога Лаўрэна. Цікава, што святыня знаходзіцца на вуліцы ў гонар яшчэ аднаго выбітнага сына вушацкай зямлі — Петруся Броўкі

Ушацкая праваслаўная царква ў гонар святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры


Цалкам аднавілі вушацкую святыню ў 2004 годзе. Касцёл наш носіць імя святога Лаўрэна. Ягоная выява знаходзіцца і на гербе Ушач. Таму да першай імшы мы склалі гімн пра гэтага святога  там было тры слупкі па-беларуску. І музыку таксама самі напісалі. 

Дык вось ў вялікім натоўпе падчас той памятнай імшы мы нават не адразу заўважылі, што побач з вушацкім людам стаіць Рыгор Барадулін з жонкай. Яны ўжо збіраліся сыходзіць, а тут заспявалі гэты гімн у гонар святога Лаўрэна. Паэт рэзка вярнуўся і стаў слухаць песню. 

Канешне ж, адразу зразумеў, што гэта самадзейнасць. Пазней ён нам сказаў, што тэкст трэба паправіць. І зрабіў гэта вельмі далікатна. Ён жа мог не пакінуць ад арыгінала ні костачкі!  

Новы варыянт нам не спадабаўся! Кажам ксяндзу: "У нас было ўсё панятна, па-жыцейску. А Барадулін нам тут дабавіў нейкіх "горніх высяў". Але святар папрасіў вывучыць барадулінскі тэкст. Потым мы ўжо зразумелі, што паэт убачыў і перадаў самую сутнасць. І зараз мы па святах спяваем у касцёле гэты гімн  народна-барадулінскі. 

Ён бачыў космас у самых звычайных рэчах. І пакінуў пасля сябе добрае, прыгожае, Божае. 

"Нашыя вучні цалаваныя вялікім паэтам"

Вера Васільеўна Спірчонак, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ушацкай сярэдняй школы. 

Вера Спірчонак


Вера Васільеўна паказвае нам дарагія яе сэрцу падарункі  кнігі Барадуліна з аўтографамі. Ёй відавочна цяжка гаварыць пра яго ў мінулым часе: 

 У 1995 годзе Рыгор Іванавіч святкаваў 60-годдзе. І пасля таго як адзвінелі вялікія ўрачыстасці ў Мінску, яго юбілей вырашылі адзначыць і ў нашай школе. Паэт прыехаў з сябрамі. У актавай зале сабралася шмат народу. А я была вядучая гэтага свята. І менавіта тады адкрыла для сябе Барадуліна. 

Калі вечарына скончылася, да Барадуліна падыходзілі землякі. Неслі яму мёд, іншыя пачастункі. Падарылі нават набор мэблі. Яна і сёння стаіць у яго на лецішчы… 

Але больш за ўсё я дзіўлюся чалавечнасці гэтага Чалавека. Пасля свята вучні сталі ў чаргу да яго – па аўтографы. У каго не было паэтавай кніжкі – той дзённік трымае, у каго не было дзённіка – той нейкую паперку. Мо, чалавек 200, а мо, і 300 стаіць. Дзесьці Барадуліна чакаюць на банкет, а ён падпісвае нашым дзецям кніжачкі. І ніводнаму не адмовіў! І з кожным пагаварыў! 

А пасля прышлі маленькія дзеткі, першы клас. Ён падышоў да іх. І кожнага пацалаваў у галоўку! Так што нашы вучні цалаваныя вялікім паэтам. Я ім кажу: "Значыць, вы павінны быць таленавітымі". 

Пазней была прэзентацыя ягонай кнігі "Ксты" ў нашым касцёле. Народу было шмат, людзі стаялі нават на вуліцы. І тады ён таксама кожнаму дзіцяці падарыў кніжку і сказаў нейкае добрае слова. 

Аднаму майму вучню  Раману Клачку, а ў ягонай асобе і ўсёй моладзі, Рыгор Іванавіч нават прысвяціў верш. Ён называецца "Прыходзім…" Пачатак там такі: "Прыходзім, каб знайсці сябе ў жыцці". У Ромкі дома ёсць рамачка, і там гэты верш з аўтографам. 

Зараз Раман Клачко  студэнт 4 курса віцебскага медуніверсітэта. А пазнаёміліся яны з паэтам, калі ён вучыўся ў 11 класе. Хлопец вельмі разумны, цікаўны, добра ведае родную мову. Аднойчы ён ішоў паўз хату Рыгора Іванавіча і ўбачыў яго ў двары. Ромка вырашыў: зайду. І хоць было страшна, пагрукаў у дзверы: "Прабачце, дзядзька Рыгор, я так хачу да вас зайсці, але так баюся…" "Чаго ты, заходзь, не бойся",  запрасіў літаратар. 

Па вуліцы Школьнай ва Ушачах хадзілі зоркі беларускай літаратуры. Наводдаль ад хаты Барадуліна, на пагорку, сучасны будынак школы


Так пачалося іхняе сяброўства. Хлопец стаў у яго бываць, яны адзін адному тэлефанавалі. Ромка дапамагаў паэту па гаспадарцы – разам з бацькам абкошваў яму траву, прыносіў дровы. 

Калі Раман паступіў ва ўніверсітэт, Рыгор Іванавіч сказаў: "Прыходзь, будем святкаваць". І падрыхтаваў пачастунак  марозіва, торт. Барадулін запрашаў юнака і ў Мінск, падпісваў яму свае кнігі. Але, на жаль, хлопец так і не даехаў у сталіцу… Зараз вельмі перажывае, што паэта больш няма з намі. 

Яшчэ дзве мае вучаніцы  Аксана Бабаедава і Вікторыя Качко – пісалі навуковую працу на тэму "Матчына хата Рыгора Барадуліна". Чаму матчына, а не бацькава? Таму што яго ўсе ва Ушачах звалі "Кулінін малец". І вось гэтыя дзяўчаты разам з Ромам пайшлі да паэта. Распыталі яго, сабралі матэрыял, зрабілі шмат фотаздымкаў. Зараз гэта праца захоўваецца ў школьнай бібліятэцы. У той дзень дзяўчаты прышлі ад Барадуліна такія ўзрушаныя: "Ён такі просты! З такім гумарам! З ім так цікава!" 

Стары будынак школы, тут вучыўся Рыгор Барадулін


У нас і зараз ёсць такія добрыя дзеці. Прыходжу ў нашу рускамоўную школу і кажу ім: "Я магу вам многае дараваць: невывучаны ўрок, няправільны адказ. Але калі скончыце школу і скажаце потым: "Я что-то этай вашай мовы не понімаю", гэтага я вам ніколі не дарую. Неважна, кім ты будзеш, але ты павінен мець пашану да ўсяго роднага". 

Мы далёка ад сталіцы, але нам ёсць чым ганарыцца. Па вуліцы каля нашай школы ў госці да Барадуліна хадзілі зоркі беларускай літаратуры. Караткевіч, Быкаў… Каго тут толькі не было! 

Напярэдадні пахавання Рыгора Барадуліна мясцовыя ўлады рабілі каля ягонай хаты добраўпарадкаванне дарогі і сада


А сёння я прышла ў 9 клас і кажу дзецям: "Ушачы асірацелі..."

Ушацкі райвыканкам. Хочацца спадзявацца, што на радзіме Барадуліна з'явіцца вуліца яго імя

"Парыцца Грыша не любіў. Чарачку не браў"

Васіль Афанасьевіч Бялеуш, 66 год, сусед Барадуліна з дома №7 на вуліцы Школьнай

Васіль Бялеуш


Мужчына хвалюецца, просіць запаліць. Гэтыя ўспаміны даюцца яму нялёгка. Ён не верыць, што назаўтра на іх вуліцы будуць развітвацца з народным паэтам Беларусі. Але для яго Барадулін быў найперш проста суседам. Васіль размаўляе на вушацкай трасянцы:

 З самага детства я з ім быў... У школу хадзіў  мы ўжо зналіся. Саседзі ж мы  тут хочаш не хочаш, а пазнакомішся. 

Каждае лета Грыша сюды прыязджаў. На вуліцу ён практічаскі не выходзіў, толька пісаў. Рэдка хадзіў і ў горад. Устане, паесь і да абеда сядзіць над сваімі бумагамі. А калі аддыхаў, то выносіў на вуліцу крэсла-качалку. Прыязджаў сюды з жонкай і Алай Станіславаўнай Сакалоўскай (філолаг, укладальніца кніг Барадуліна. – TUT.BY). Яны глядзелі гаспадарку, хадзілі ў магазін, калі ён сам занямог. 

Суседава лазня


У дзве нядзелі раз я тапіў баню. Тады заву яго: "Сабірайся, баня сёння будзець". Мыліся разам. Ён практічаскі нічога не расказваў. Так, мелачоўкі, я ўжо і забыўся, пра што гаварылі ў бані. Парыцца Грыша не любіў. Чарачку пасля тожа не браў – бросіў піць, ды і многа гадоў назад. 

А вот як празднік які, то прыглашаў мяне. У Грышыным двары тады рабілі шашлыкі. Да яго пісацелі, журналісты прыязджалі. У іх, канешне, былі свае разгаворы. Но мне было нармальна ў іх кампаніі. 

У мяне былі ключы ад яго хаты. Ён прасіў, каб я зімой яе паглядваў...  
А зараз во пайду на похараны. Не верыцца… 

"Барадуліна грэла кожная вестачка з Ушач"

Галіна Аляксандраўна Варатынская, журналістка, паэтка. Вядзе літаратурную старонку ў раённай газеце "Патрыёт" і 16 гадоў кіруе народным клубам творчых сустрэч "Муза" пры мясцовым Доме культуры. 

Галіна Варатынская


Галіна Аляксандраўна практычна цэлы дзень напярэдадні пахавання была на нагах. Дапамагала вырашаць розныя пытанні, звязаныя з развітальнай цырымоніяй. Але ўсё ж такі знайшла час і сілы для нашай сустрэчы. 

Яе муж Пётр прыносіць цэлы стос кніг Барадуліна. І ўсе  з закладкамі. Бачна, што іх у гэтым доме чытаюць і перачытваюць. Кнігі маюць адметныя аўтарскія подпісы. Да прыкладу: 

"Вяльможнай спадарыні Галіне Варатынскай, выдатнай паэтцы, шчырусе, захавальніцы крывіцкага агменю вушацкай зямлі – з захапленнем. Рыгор Барадулін, 24 жніўня 2004 г.". 

Галіна Аляксандраўна ўсміхаецца:

 Рыгора Іванавіча, можа, і падкупала тое, што я дбаю не пра ўласныя кнігі, а ўсё пра творчасць удзельнікаў нашага клуба. 

Мы пазнаёміліся са славутым земляком гадоў 18 таму. І так сталася, што сустракаліся кожнае лета. Нас аб'ядноўвалі адны карані. Ён увесь час гаварыў: "Галечка, вы самая вушацкая". 

У Барадуліна на шашлыках. Фота: сямейны архіў Галіны Варатынскай

Стаіць: Галіна Варатынская. На стулах сядзяць сястра Васіля Быкава Валянціна і жонка Барадуліна Валянціна, на зямлі сядзіць унучка Барадуліных Дамініка. 
Фота: Анатоль Кляшчук


Матуля мая з сястрой у дзяцінстве пасвілі кароў і забягалі на хутар Верасоўка, дзе да вайны жыла сям'я Барадуліных. Прасілі ў цёткі Куліны папіць і гулялі з Рыгорам. Мая мама была на 10 гадоў старэйшая за яго. Як яна пасля казала: "Мы былі ўжо такія дуксы, а ён – малы. Пасадзім яго на на шыю і возім"

Пазней нашыя матулі працавалі ў адной установе ва Ушачах. Мая мама – сакратаркай, а маці Рыгора Іванавіча - прыбіральшчыцай. Гэта была вельмі стрыманая, звышсціплая жанчына. У яе было выверана кожнае слова. Праз усё жыццё яна пранесла на душы сум, што муж загінуў на вайне. Адна падымала свайго Рыгора. Яны былі настолькі вернымі адзін адному! І зараз паэт яшчэ больш узняўся ў маіх вачах, бо вырашыў на вечны спачын легчы побач з маці. 

Ён вельмі клапаціўся, каб магілка мамы была заўсёды ў парадку. І сам яе даглядаў, і работнікі камунгаса. Мы з мужам таксама не былі ў баку. Як і многія людзі: кожны лічыў сваім абавязкам падысці да гэтай магілкі, прыбраць, калі была такая патрэба. 

Барадулін апісаў кожную пядзь вушацкай зямлі. Ягоная вернасць свайму роднаму кутку мяне проста ўражвала! Хоць ён і жыў у Мінску і свет пабачыў, яго душа заставалася тут. Пазвоніць мне: "Ну што там, на Ушачы?" Я яму распавяду ўсе навіны. І яму грэла душу кожная вестачка. 

Вельмі любіў сваю хату. Над адным вакном, што выходзіць у сад, навісае голле яблыні. Мы з яго жонкай Валянцінай Міхайлаўнай колькі разоў прасілі яго: "Трэба зрэзаць". А ён падумае-падумае і кажа: "Няхай будзе, гэта ж мама пасадзіла дрэвы, дык нічога нельга кранаць". 

Я не ўсведамляю, што ён пайшоў. Здаецца, яшчэ нядаўна быў у гасцях, сядзеў во тут, насупраць… 

Рыгор Барадулін з жонкай Валянцінай у гасцях у Пятра і Галіны Варатынскіх. 
Фота: сямейны архіў Галіны Варатынскай 

"Мы з Рыгорам разам збіралі траву свінням"

Клаўдзія Васільеўна Санько (Іванова), 76 гадоў, суседка

Жанчына адразу саромееца: "А што я вам такога раскажу?" Але потым, калі ўзгадвае дзяцінства, з яе твару не сыходзіць лагодная ўсмешка: 

 Вельмі добрая ў Рыгора была маці  Куліна. У нашай сям'і было пяцёра дзетак. Жылі бедна. Яна паглядзіць, што я, дзяўчынка, падрасла, і сшые мне спаднічку. А тады бачыць, што гэта спаднічка ўжо кароткая. Кліча мяне. Я зайду, а яна мне яе і надточыць. Бясплатна. Я ніколі гэтага не забуду. 

Мы тут ўсе дружылі на гэтай вуліцы. Рыгор быў дужа хазяйскі хлапец. Памагаў маці. Мы разам з ім хадзілі сабіраць траву свінням. І ён усягда маю карзінку паднясець, падаможа  я ж на тры гады за яго меншая. Такі быў дружаскі, добры хлапец.  

Помню, раз прыходзіць да нас Куліна і пытаецца ў мамы: "Прыехаў ксёндз. Ці будзеш ты сваіх дзяцей хрысціць?" Мама адказвае: "Мы ж праваслаўныя". А Куліна кажа: "А я свайго пахрышчу. Хачу, каб ён добрым чалавекам вырас". І Рыгора ахрысцілі  у доме непадалёк ад іхняй хаты. 

Як выраслі, ён мне кніжкі свае дарыў. І падпісваў іх толькі на Санько, Іванову не прызнаваў. 

Жалка Грышу, каб вы ведалі, як жалка! Ён жа быў збалеў зусім…

"Рыгор дапамагаў мне будаваць дом"

Арсеній Кліменцьевіч Первянёнак, 86 гадоў, жыхар Ушач.

Арсеній Первянёнак 


Гэты дзядуля прышоў на развітанне з Барадуліным адным з першых, яшчэ за некалькі гадзін. Спачатку стаяў насупраць паэтавай хаты. А потым, калі стаміўся, апусціўся на лаўку на падворку, куды павінны былі прывезці труну. Моўчкі сядзеў. Ружовыя штучныя кветкі для сябра нібы застылі ў старэчых руках: 

 Мая першая жонка, Ларыса Аляксандраўна Гарадзецкая, выкладала ў Рыгора ў школе хімію. Ён тады вучыўся ў старэйшых класах. Вершы ён яшчэ ў школе пачаў пісаць. Адзін раз ён нешта чытаў, але я запомніў толькі, што гаворка ішла пра памідоры. А зараз я добра памятаю адзін верш:

Трэба дома бываць часцей, 
Трэба дома бываць не госцем, 
Каб душою не ачарсцвець, 
Каб не страцiць святое штосьцi. 


Мы дружылі. Барадулін дапамагаў мне дом будаваць. Рабілі веранду, ён габляваў дошкі. 

Пазней кнігу падарыў. Як даведаўся пра яго смерць, шукаў яе. Не знайшоў – дачка, напэўна, яе сабе забрала. Любяць ва Ушачах і яго самога, і ягоныя вершы…

***

На пахаванне дзядзькі Рыгора прышло каля 300 землякоў. Людзі плакалі, неслі кветкі і ўспаміналі пра яго не проста як пра нябожчыка, пра якога прынята казаць альбо добрае, альбо нічога, а як пра сапраўды роднага чалавека.