Ушанавалі памяць Ларысы Геніюш

Прыхільнікі яе таленту, прадстаўнікі грамадскай супольнасці, палітычных партый і Чэшскай амбасады сталі ўдзельнікамі традыцыйнага мерапрыемства, прысвечанага чалавеку, творчасць якога фактычна забаронена ўладамі  Беларусі. Урачыстасці пачаліся з набажэнства ў мясцовай царкве. Святар  айцец Аляксандар цытаваў вершы Ларысы Геніюш і выказаў спадзяванні на тое, што творчасць знакамітай паэткі стане агульнанацыянальным здабыткам. Памочнік пасла Чэшскай Рэспублікі Герман Хромы ад імя свайго народа папрасіў прабачэнне за тое, што ў свой час чэшскія камуністы выдалі Ларысу Геніюш  савецкім уладам. Менавіта з тых часоў, на думку дыплaмата, пачалася трагедыя чалавечых лёсаў усёй усходняй Еўропы.

У межах правядзення ўрачыстасцей  адбылася прэзэнтацыя першай кнігі прозы  паэткі Дануты Бічэль “Хадзі на мой голас”, арганізаваная гарадзенскім рухам “За свабоду”. Прэзэнтацыя адмыслова была прымеркавана да угодкаў Ларысы  Геніюш, бо менавіта яе  Данута Бічэль называе сваёй духоўнай маці.

Аздобілі прэзэнтацыю добрай музыкай і сэнсоўнымі песнямі Зьміцер Бартосік, Вольга Цярэшчанка і Зьміцер Сідаровіч, якія зладзілі невялікі канцэрт для ўсіх прысутных.

Паводле Радыё Рацыя