Усё пачалося з авечак — у Мінску прэзентавалі «Сумны суп» Вольгі Гапеевай
— Калі я ўпершыню напісала для дзяцей? Насамрэч усё пачалося з авечак, — пажартавала аўтарка кнігі Вольга Гапеева. — З паэмы пра тое, навошта іх лічыць. Тады якраз і ўзнікла супрацоўніцтва з Мартай (мастачкай). Але пакуль кніга рыхтавалася да друку (яна і цяпер яшчэ ў працэсе), нарадзіўся суплёт гісторый пра “Сумны суп”.
Пісьменніца прызналася, што працэс стварэння кніг для дзяцей — надзвычай прыемны занятак, і што сярод іншых спраў Вольга пакідае гэтую “на салодкае”. А “Сумны суп” увогуле мае “тэрапеўтычны эфект” і быў задуманы і рэалізаваны тады, калі аўтарка перажывала няпросты перыяд.
— Здаецца, гэтая кніга нават больш для дарослых, чым для дзяцей. Хаця і мае дзіцячыя ўспаміны тут адлюстраваліся. Напэўна, многія ў маленстве не хацелі есці, і бацькі чаго толькі не прыдумлялі, каб змусіць дзетак паабедаць і каб “сумны суп” стаў “вясёлым”. У маіх гісторыях свет падаецца з пункту гледжання не людзей, але прадметаў побыту і рэчаў, звыклых для кожнага — парасона, гузіка, кнігі, або жывёлаў — ката, вожыка, ды іншых.
Валярына Кустава, Вольга Гапеева, Марта Герашчанка.
Марта Герашчанка, афармляльніца кнігі і стваральніца буктрэйлера, расказала, што насамрэч ёй было не складана ўвасабляць вобразы, апісаныя Вольгай, і што многія малюнкі былі “пратэставаныя” яшчэ да апублікавання — мастачка, якая працуе на студыі “Беларусьфільм”, паказвала іх маленькім чытачам і ўлічвала іх меркаванне.
Мастачка Марта Герашчанка
Пасля адбыўся прагляд буктрэйлера “Сумны суп”, намалявала які Марта Герашчанка, а сцэнар да якога і музыку напісала і выканала Вольга Гапеева.
Маленькія наведнікі прэзентацыі адказалі на пытанні віктарыны, праведзенай мадэратаркай вечарыны Валярынай Куставай, і атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Цягам усяго вечара і пасля яго любы жадаючы мог далучыцца да майстар-класа па вырабе кніжных закладак.
Больш здымкаў - на нашай ФБ-старонцы.
Тэкст ВТ
Фота Алены Казловай.
Для lit-bel.org