Усё па-сапраўднаму — прэзентацыя кнігі “Птушкі” Насты Манцэвіч

Яшчэ да прэзентацыі першай кнігі Насты Манцэвіч вакол зборніка “Птушкі” разгарэліся зацятыя спрэчкі ў віртуальнай прасторы, якія не сціхлі і дагэтуль. Нехта палічыў, што ў кнізе зашмат натуралізму, што да апісання эратычных сцэн, іншым жа прыйшліся даспадобы стыль Насты і яе ўменне расказаць гісторыю. Рэдактар кнігі Павел Анціпаў у інтэрв’ю аднаму з тэлеканалаў сказаў, што разумны чытач, які прачытае зборнік, абавязкова ўбачыць, што рэчы, за якія ўпікаюць аўтарку, — мастацкі прыём, абумоўлены тэкстам.
Трэба сказаць, што даўно ў беларускай літаратурнай прасторы не з’яўлялася кніг, якія б выклікалі такі розгалас. “Птушкі” ж развярэдзілі шмат якія балючыя праблемы — нецярпімасці “талерантных” беларусаў, непаразумення пакаленняў, непарушнасці аўтарытэтаў, “тусовачнасці” і герметычнасці літаратурнага асяроддзя.
Сама ж Наста Манцэвіч трымаецца адасоблена ад гучных спрэчак.
На прэзентацыі “Птушак”, што прайшла 6 верасня, яна адзначыла, што ўспрымае сваю кнігу, як дзіця, якое вырасла, і ўжо жыве сваім жыццём. “Магчыма, я хацела б яму іншага жыцця. Але яно такое, якое ёсць. Я хачу яго падтрымаць ў дарослым жыцці, і лепшай падтрымкай лічу — прачытаць амаль усе тэксты без цэнзуры”, — сказала аўтарка.
Такім чынам прэзентацыя прайшла ў фармаце аўтарскага чытання.
Напрыканцы імпрэзы адбылася аўтограф-сэсія.
Кніга “Птушкі” - чацьвёртая ў падсерыі дэбютных кніг маладых аўтараў “Пункт адліку” серыі “Кнігарня пісьменніка” ГА “ Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
Раней у “Пункце адліку” выйшлі:
Анка Упала “Дрэва энталіпт” (проза і вершы);
Катерина Зыкова “Объяснительная” (вершы);
Кирилл Дубовский “Хороший роман” (проза).
Фота АУ
Прэсавая служба СБП