“Усё знікае, але нічога не змяняецца” — новая кніга Алеся Пашкевіча

У новую празаічную кнігу пісьменніка, літаратуразнаўцы, публіцыста, першага намесніка старшыні ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Алеся Пашкевіча ўвайшоў раман “Сімъ побЂдиши”, а таксама выбраныя эсэ розных гадоў.

Расповед у рамане вядзецца ў двух часавых зрэзах: XVI стагоддзі і ў нашым часе. У цэнтры ўвагі аўтара — тры галоўныя пары персанажаў-двайнікоў гісторыі і сучаснасці. Дакументалістыка ў творы гарманічна пераплятаецца з мастацкім вымыслам, а літаратурныя героі найбольш ярка і псіхалагічна тонка выяўляюцца ў кантэксце сваёй эпохі. Насамрэч эпоха, як прызнаецца пісьменнік, — усяго толькі фон, на якім выразна акрэсліваюцца розныя чалавечыя характары і норавы. “Усё знікае, але нічога не змяняецца”, — лейтматыў рамана.    

“Алесь Пашкевіч ужо не першы раз паспяхова звяртаецца да гістарычнай тэматыкі, па-майстэрску карыстаецца прыёмам паралельнага рамана... Атрымалася сапраўдная і вельмі цікавая літаратура, якую чытаеш на адным дыханні і шкадуеш да слёз, калі твор завяршаецца”, — адзначаецца ў часопісе “Дзеяслоў”.

Алесь Пашкевіч нарадзіўся 11 верасня 1972 года ў вёсцы Набушава Слуцкага раёна. Скончыў філалагічны факультэт БДУ і аспірантуру пры ім. У 1998 годзе стаў кандыдатам філалагічных навук, у 2002-м абараніў доктарскую дысертацыю. Аўтар паэтычнага зборніка “Нябесная сірвента” (1994), дакументальна-гістарычных раманаў “Пляц волі” і “Круг” (2006), дзвюх літаратуразнаўчых манаграфій. Творы перакладаліся на шэраг замежных моў. Дыпламант міжнароднага акадэмічнага рэйтынгу папулярнасці “Залатая фартуна” (2008). Лаўрэат міжнароднай літаратурнай прэміі імя Валянціна Пікуля (2009). У 2008 годзе ўзнагароджаны медалём Васіля Быкава “За праўду творчасці” і ордэнам Украіны “За заслугі”.  

 

Прэсавая служба СБП

Дызайн вокладкі і постэра Анатоля Лазара, adliga.com