Успаміны Геніюш выйшлі ў фармаце аўдыёкнігі

Беларускае гістарычнае таварыства ў Польшчы і Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org выдала ўспаміны Ларысы Геніюш “Птушкі без гнёздаў” у фармаце аўдыёкнігі. Агучыла тэксты народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.
5 лістапада ў Горадні пройдзе прэзентацыя выдання. Імпрэза адбудзецца па адрасе: вул. Будзёнага, 48А, зала № 38.

 
У сустрэчы возьмуць удзел Зінаіда Бандарэнка, Алесь Камоцкі, які праспявае песні на словы Ларысы Геніюш, Міхась Скобла, які распавядзе пра лёс беларускай паэткі.

Кожны прысутны на сустрэчы атрымае ў падарунак аўдыёкнігу “Птушкі бяз гнёздаў”.


Аўдыёкніга “Птушкі бяз гнёздаў” пабачыла свет ў межах праекту “Памяць па-над часам і межамі”. Неўзабаве ўспаміны Ларысы Геніюш выйдуць у перакладзе на польскую мову. Над тэкстам працаваў адзін з лепшых перакладчыкаў - Чэслаў Сенюх. Польскі варыянт кнігі будзе ўзбагачаны архіўнымі фотаздымкамі, з якіх частка дагэтуль нідзе не публікавалася, а таксама грунтоўнымі каментарамі гісторыкаў.

* * *
Ларыса Геніюш нарадзілася 27 ліпеня (9 жніўня па старым стылі) 1910 года ў маёнтку Жлобаўцы каля вёскі Воўпа Гарадзенскага павету Гарадзенскай губерніі. Скончыла Ваўкавыскую гiмназiю (1928). У 1937-1948 жыла ў Празе. У сакавіку 1943 заняла пасаду Генеральнага сакратара урада i займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архiву БНР. 5 сакавіка 1948 арыштаваная з мужам у Вiмпэрку (Чэхiя) і 12 жніўня перададзеная савецкiм уладам. Утрымліваліся ў савецкiх турмах Вены i Львова, з канца 1948 у турме ў Мінску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў мiнiстар Дзяржбяспекi БССР Л. Цанава, які беспасьпяхова патрабаваў ад яе перадаць архiвы БНР. У лютым 1949 Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зняволеньня ў лягерох. Пакаранне адбывала ў лягерох Iнта i Абезь (Комi АССР) i ў Мардоўскай АССР. У 1956 разам з мужам часткова рэабiлiтаваная, тэрмiн пакарання зменшаны да 8 гадоў, якiя ужо прайшлi з моманту прысуду. Пасля вызвалення пасялiлiся на радзiме мужа ў Зельве. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства.