Усяго патроху — і скаромнага, і ўзнёслага: У Мінску прэзентаваны “Вушацкі словазбор” Рыгора Барадуліна

Якраз гэта і паказвае новая кніга, выдадзеная ў серыі “Кнігарня пісьменніка” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў і адрасаваная, без перабольшання, усім беларусам.

Народны паэт склаў не проста слоўнік адметнай лексікі Вушаччыны, ён імкнуўся перадаць, як піша ён сам, “паганскія карані і біблейскае неба”, “чысціню бачання свету”, галасы “мамы Куліны, крэўных і блізкіх”. Пацвердзіў гэта і Уладзімір Някляеў, аўтар прадмовы да выдання і вядучы прэзентацыі, і рэцэнзент зборніка, заснавальнік выдавецтва “Кнігазбор” Кастусь Цвірка.

Злева направа ўверсе: Генадзь Бураўкін, Уладзімір Някляеў, унізе: Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч

— Болей за 200 нататнікаў, куды з юнацтва запісваў Рыгор Іванавіч пачутае ў родных мясцінах, і 60 (!) гадоў няспыннай працы са словам прывялі да з’яўлення на свет унікальнага “Вушацкага словазбора”, — распавяла ўкладальніца кнігі Наталля Давыдзенка.

Злева направа ўверсе: Наталля Давыдзенка, Кастусь Цвірка, унізе: Вера Буланда, Сяргей Шапран 

Выступілі на прэзентацыі сябар, калега і паплечнік дзядзькі Рыгора, паэт Генадзь Бураўкін, а таксама першы намеснік Старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Алесь Пашкевіч. Паэтка Вера Буланда выказала сваё захапленне кнігай і падзякавала ўсім тым, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі і выдання “Вушацкага словазбора”. Сяргей Шапран перадаў ад імя Рыгора Барадуліна віншаванне і ўдзячнасць для Наталлі Давыдзенка.

Барыс Пятровіч, празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” зачытаў прывітальнае слова Рыгора Іванавіча (слова было запісана Сяргеем Шапранам), які па стане здароўя не мог прысутнічаць на вечары, але, магчыма, глядзеў онлайн-трансляцыю, якая вялася на сайце Радыё Свабода.

СЛОВА РЫГОРА БАРАДУЛІНА ДА ПРЭЗЕНТАЦЫІ “ВУШАЦКАГА СЛОВАЗБОРУ” 15.ХІ.2013 У КНІГАРНІ “ЛОГВІНАЎ”

Шаноўныя сябры і, вядома, сяброўкі, паважаныя спадары і, канешне, спадарыні, дзякуй за тое, што прыйшлі на свята крывіцкага, вушацкага слова — слова маёй мамы, маіх суседзяў і радні.

Для мяне выхад гэтай кнігі — вялікая ўрачыстасць на душы. Я вельмі ўдзячны тым, хто дапамагаў мне ў працы над “Вушацкім словазборам”. Найперш хачу падзякаваць Наталлі Давыдзенка, укладальніцы кнігі. Гэта менавіта яна не толькі сабрала мае запісы, але і, спарадкаваўшы іх, сістэматызавала. “Вушацкі словазбор” — гэта не проста слоўнік, гэта слоўнік і ізборнік разам, бо добрую палову кнігі складаюць прыказкі й прымаўкі, прыгаворкі й зычэнні, пад’ялдычкі й цвялілкі, добрыя пажаданні й хуткамоўкі, загадкі й дзіцячыя гульні, звычаі й прыкметы. Тут усяго патроху: і скаромнага, і ўзнёслага. Сам я па стане здароўя ўжо не мог засяродзіцца на падобнай працы, таму яшчэ раз хачу адзначыць вялікае старанне Наталлі Давыдзенка — яна нібыта на шахтах працавала.

Я вельмі ўдзячны Уладзіміру Някляеву — чалавеку тонкага густу, першаму дэгустатару “Вушацкага словазбору” і аўтару геніяльнай прадмовы да кнігі. Але Някляеў даўно ўжо даказаў, што здольны літаральна на ўсё: і вершы пісаць, і паэмы, і эсэ, і прадмовы — няма такой галіны чалавечай дзейнасці, дзе б ён не быў першы.

Асобна хачу шчыра падзякаваць рэцэнзенту “Вушацкага словазбору” Кастусю Цвірку, а таксама кіраўніцтву нашага Саюзу беларускіх пісьменнікаў і выдавецтву “Кнігазбор”, бо без іх удзелу выхад кнігі быў бы проста немагчымы.

Звяртаючыся жа да будучых чытачоў “Вушацкага словазбору”, я, вядома, не магу сказаць: “Чытайце абавязкова!” — я хацеў бы, я быў бы рады, калі б нехта прачытаў гэтую кніжку, і, можа быць, вушацкае, маміна слова лягло б яму на душу, як аблокі на смяглую зямлю. Сам я жыву і ратуюся роднай мовай. Самае святое для мяне — гэта мама і мова, мова і мама. Без іх я як без радні. І “Вушацкі словазбор” — гэта мой паклон да зямлі тым, хто пялегваў праз вякі нашае самабытнае слова. Гэта мой паклон маме і родным вушацкім людзям, якія не выракліся свайго. Бо без мовы не можа быць ні асобнага чалавека, ні цэлага народу. І калі маладыя пачнуць адраджаць нашую мову, значыцца, яна будзе жыць. А калі будзе жыць мова — будзе жыць і Беларусь.

Дзякую ўсім!

Напрыканцы вечара гледачы мелі магчымасць набыць новую кнігу. Нешматлікія асобнікі з аўтографамі Рыгора Іванавіча былі раскупленыя прыхільнікамі задоўга да пачатку імпрэзы.

 

Тэкст: Віка Трэнас

Фота: Алена Казлова

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"