"Утопія" Вальжыны Морт на Беларускім літаратурным радыё

Вальжына Морт. Фота svaboda.org

Утопія

пасьля заходу сонца
наш горад апусьцеў як вакзал
у раскладзе якога
акрамя сонца і месяцу
нічога й няма

акіян кідаецца на чаек
як сабака на ланцугу
і капліца адкашліваецца штогадзіну
але так і не наважыцца нічога прамовіць

і так да новага сьвітаньня
каханкі рамантуюць нашыя целы
сьліною змазваюць поры
рукамі ўдасканальваюць нашы твары
таму мы й не падобныя адно да аднаго –
мы ручной работы.

удзень хвалі акіяна закручваюцца як завіткі
блакітнавалосай Мальвіны
і мы расчосваем іх сваімі мяккімі целамі

мы вітаем вас у калоніі сонца
чый жоўты сьцяг – шклянку ліманаду –
мы ўздымаем за кожным сталом
акіян масажуе зямное ядро
і ноч перачэквае дзень у нашых чорных валасах

пад вечар нашая кроў ускіпае
і пераліваецца праз нос і рот
на белыя марскія камні
ператвараючы іх у чырвоныя яблыкі
і мы працягваем яблыкі нашым каханкам
і яны ломяць аб іх свае зубы.

таму мы ня ведаем ні дабра ні зла
часам нашымі словамі можна рэзаць мяса
калі нам здраджваюць
мы заходзім глыбока ў ваду
і глядзім як нашае сэрца
ўзьбівае акіян у пену
і адкідвае высокія хвалі
ў якіх на беразе захлынаюцца дзеці

і ізноў месяц зьвісае белым коканам
каб на сьвітаньні чырвоны матыль раскрыў свае крылы
і спусьціўся да вадапою

і нашы мужчыны спрабуюць яго аб’езьдзіць
наскокваюць яму на сьпіну
як перасьпелыя сьлівы што падаюць з дрэваў
спрабуючы ўтаймаваць каня зямлі.
а потым вуснамі сухімі ад смагі
яны прыпадаюць да нашых ртоў
і выцягваюць з іх нашы сэрцы
быццам цяжкія вёдры напоўненыя халоднай вадою
з калодзежаў

а потым з грукатам адпускаюць іх падаць уніз

і таму нам сэрца баліць.

калі б сэрца можна было вырваць як зуб
калі б памяць можна было забіць
нам пад сьцягам жоўтага ліманаду
было б вельмі шчасьліва жыць.

а новы дзень ужо каля гарадскіх варот
быццам траянскі конь
у якім хаваецца цэлая армія сонца
і нашы мужчыны вядуць яго на галоўную плошчу
іх голыя целы як указальны палец бога
і наша каханьне ад іх страшнае і сьляпое
як аса што гойсае па пакоі

мы ямо малахітавы вінаград
і вафлі тонкія як павуціньне

а сонца маршыруе праз горад
у трохвуголцы птушынай чарады на галаве

у пасьляабедзенных снах
да нас прыходзіць белая зебра
яна моліцца за нас
перабіраючы пацеркі чорнага вінаграду
яе белыя вейкі як ветразі надзьмутыя ветрам
як ветразі разьвешаныя на марскім даляглядзе
быцца пасьціраныя рыбіны прасьціны

калі сьцямнее
мы прыкладаем марскія ракавіны да вушэй
і слухаем
затаіўшы дыханьне
як Мальвіна з астрыжанай нагала галавою
плача зьбіраючы ў цемры
пасмы сваіх знакамітых валасоў.

Берлін

Вальжына Морт

Паэтка і перакладчыца. Нарадзілася ў Мінску. Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Друкавалася ў беларускіх і замежных часопісах, у сумесных зборніках паэзіі “12+1. Конкурс маладых літаратараў імя Наталлі Арсенневай» (2004), «Frontlinie» і інш. Яе першы паэтычны зборнік “Я тоненькая, як твае вейкі” выйшаў у 2005 годзе ў Мінску.

Морт – удзельніца міжнародных фестываляў паэзіі ў Германіі, Швецыі, Ірландыі, Славеніі, Літве. Фіналістка літаратурнага конкурсу імя Н. Арсенневай (вясна 2003). Лаўрэат міжнароднай літаратурнай узнагароды “Крышталь Віленіцы” Міжнароднага літаратурнага фестывалю “Віленіца-2004” (Славенія, 2005). З 2006 жыве і працуе ў ЗША.

 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"