Увага, кастынг! — рэцэнзія на кнігу Уладзіслава Ахроменкі

 

Ахроменка Уладзіслаў. Тэорыя змовы: кінараман-фарс. – Мінск: Логвінаў, 2011. 


Кінакампанія "Мэтраголвінмаер" сумесна з "Каламбія Пікчэрз" пры падтрымцы міністэрства культуры краіны, якая пажадала застацца невядомай, і Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца ажыццяўляе падбор актораў на галоўныя, другасныя і эпізадычныя ролі для экранізацыі бэстсэлера “Тэорыя змовы”. 

Ганарары непрыстойныя. Месца здымак засакрэчана. 

 

Недалюдзі 

На ролю галоўнага героя, маладога спецыяліста і адраджэнскага паэта Скіргайлы, патрабуецца туя…нь з патэнцыялам унутранага росту і сантыментам да гісторыі. 

Пажаданыя прыкметы: анемічны твар, незадаволенасць жыццём, далікатнасць псіхікі, латэнтны мазахізм. 

Вам давядзецца: якшацца з інфернальнымі істотамі, ператварацца ў дробнага ўрода (курдупеля, блазна), атрымліваць выспяткаў ад высакародных дзеячоў Адраджэння, пісаць блазенскія вершы, чытаць іх п’янаму натоўпу і каралеве Боне, поўзаць праз падзямельныя хады ў часе, лётаць на крылах Леанарда да Вінчы і ў скрыні з суперзброяй (валоданне суперзброяй не вітаецца), красці выбухоўку і планаваць тэракты, хварэць, засмоктвацца ў манітор, ахвяраваць жыццём і чыніць сантэхніку. 

Ваша туя…ньства павінна праяўляцца ў правале ўсіх пачынанняў, нездзяйсняльнасці задум і бессэнсоўнасці ахвяр (памерці Вам трэба за дзіцёнка-анёлка, накрыўшы сабой гранату, якую памянёны анёлак мог і сам нейтралізаваць). 

Ваш унутраны рост мусіць выявіцца праз вяртанне з унутранай эміграцыі (віртуальнага свету ВКЛ і свету звышнатуральных істот) да рэальных праблем побыту, цалкам выпраўляльных. 

На жаночую ролю другога плана патрабуецца загадчыца правінцыйнага Дома Культуры 

(стаж працы ва ўстановах згаданага тыпу абавязковы – іначай шасцімесячны перманент не будзе трымацца і ў вачах не скандэнсуецца бляск патрэбнай ступені пагашанасці). 

Роля прадугледжвае пікантныя сцэны ў цеснай кабіне з двума п’янымі вылюдкамі; недвухсэнсоўныя прапановы ад непасрэднага начальніка; начныя вылазкі з суперзброяй (валоданне суперзброяй не вітаецца). 

Ідэал шчасця Вашай гераіні мусіць змяніцца ад “вуліцы чыстыя, батарэі гарачыя, ёсць шанец штосьці ў Суперлато выйграць” да  “буду на сваіх “сотках” гарбаціцца, але ж ні ад каго не залежаць”. 

Вас заразяць здаровым сэнсам, які муціруе ў нацыяналізм і ператворыць гераіню з Манды Іванаўны ў Магдалену пад бел-чырвона-белым парасонам. 

На мужчынскую ролю другога плана патрабуецца мазахістычны таўстун з дробнабуржуазнымі інстынктамі і дарэшты скарумпаваным, але ж крыху і добрым сэрцам. Пажадана мець навыкі абыходжання з свойскай жывёлай (парсюкамі) і расставання з скурай, сухажыллем і мясам твару (для выяўлення няшчаснай глыбіннай сутнасці Вашага героя). 

Магчымы Оскар. 

На шыкоўную эпізадычную ролю шукаем камбайнёра з галюцынацыямі (пажадана белая гарачка). 

 

Не людзі 

На ролю памагатага галоўнага героя патрабуецца святы Юр’я. 

Каб ніхто не здагадаўся, Вас загрыміруюць пад каўбоя. 

Прыкметы: халодныя сталёвыя вочы, квадратная сківіца, металёвы голас. 

Спецыяльныя навыкі: язда верхам, трапная стральба з абрэзу, догляд шырокага капелюша (стэтсана) і зямелькі беларускай, перавыхаванне туябеняў. 

Вам давяраецца пачэсная місія адстрэльваць усялякім казлам рогі, праводзіць перавыхаваных на Нябёсы і на зямлю, а таксама агучваць галоўныя ідэі (паглядзіце, калі ласка, стыль прамоваў Оптымуса Прайма з “Трансформераў”, мы адтуль спічрайтэра выкралі). 

Мы разумеем Вашу загружанасць, таму пакінулі Вам мінімум рэплік з вялікай сэнсавай нагрузкай:

“А калі па рогах?..”;

“Думаеш, хворы на быдлярства народ наслухаецца-начытаецца тваіх вершыкаў і імгненна запаважае сваю мову, культуру і гісторыю?... Не з вершыкаў самапавага пачынаецца!” -

 ну і яшчэ некалькі разоў пра самапавагу (з слоўнымі варыяцыямі на Ваш густ) і ператварэнне беларушчыны ў канкурэнтаздольны тавар. 

Шукаем цыркавога казла на ролю казла. 

Павінен умець свяціць інфернальнымі вачыма, скупляць душы, танчыць, чрэвавяшчаць у капыта, пералякана бздзець, атрымліваць дрынам і па рогах. 

На ролю дзіцятка патрабуецца пуцаценькае дзіцятка (старых сеньёраў з вялікімі крыламі, а таксама хворых дзетак з Норфарка просім на здымпляцоўку не сувацца).

Прыкметы: хуткі рост (за час здымак ад немаўляці да падлетка-акселерата), павелічэнне ўраджаю ў месцах пражывання, прадбачанне, трапнасць у кіданні камянёў прашчой і ў сіканні на падпаленыя бікфордавыя шнуры. 

У ролі Прашмандоўкі прывітаем гламурную паненку за пяцьсот гадоў з ладнымі лыткамі, пажадана – звержанага анёла (патрабуецца сумясціць вабнасць Геллы з клятчастасцю Фагота-Кароўева). 

Гераіня перажывае ўнутраны крызіс пасля таго, як адзін казёл загадаў ёй выкрасці дзіцятка. Ад крызіса (і адмовы казлу) у яе адвальваецца хвост, з’яўляецца цэлюліт і сентыментальныя ноткі ў зманлівым, бы ў русалкі, голасе (голас пажадана мець пры сабе ў час кастынгу). 

 

Набудзем для здымак сэксапільную гумовую цацку Лалітку з усталяваным наборам гукаў (Упс; Ваў; Крута; Праўда, зачотныя дойкі?) і двух каменных фрыцаў для сцэны бязлітаснага гвалту. 

Дамо працу групе парсючкоў-каскадзёраў, якія прагнуць прынесці сябе на алтар мастацтва. 

 

Вылюдкі 

Кастынг на ролі рускіх вайскоўцаў праводзіцца не будзе з нагоды залішне вялікай колькасці аматараў на працягу ўсяго дзейства жлукціць у кадры гарэлку. 

Тым больш, у нас ужо ёсць бомж Гаўрыла, які граў рускага астранаўта ў “Армагедоне”. 

Ён пагадзіўся за скрыню спірытусу і мільён даляраў увасобіць капітана Капейкіна, Макруху, нейкага Хулімуліна і яшчэ тузін вузкавокіх вэдэвэшнікаў…

чыніць тэхніку спецыфічна рускім спосабам, а таксама праяўляе з падачы ўсялякіх казлоў няхілыя прадпрымальніцкія здольнасці: будуе на месцы старога касцёла сушы-кабакъ “Япона Мать”, гібрыд японскага чайнага дамка і расейскага церама (з-за фасада, дэкараванага пад гіганцкі какошнік, тырчыць пагада. Гэты шэдэўр безгустоўшчыны і сюррэалістычнага змяшэння стыляў будзе ўрэшце зруйнаваны выбухам здаровага сэнсу). 

Як Макруха ён паўсюль бачыць жыдоў і імкнецца іх біць, а Расею ратаваць. 

Як вузкавокія вайскоўцы ён серыць дзе можа, тырыць усё, што блага ляжыць, і гамасячыць у казармах. 

На ролю ветэрана-сталініста кастынг праводзіцца не будзе: 

калі яму, крый Божа, дадуць эпізадычнага Оскара, нам жа за сусветную справядлівасць крыўдна будзе і перад нашчадкамі сорамна. 

 

Масоўка 

Калі Вы не знайшлі сабе ролі дадушы або не прайшлі кастынг на ўпадабанага героя, запісвайцеся ў масоўку. 

Нам спатрэбяцца не толькі адраджэнцы розных эпох і краін, калдыры, самураі і іншыя чалавекападобныя істоты, але ж і нябесныя свяцілы, якія ў кожнай новай сцэне павінны выходзіць у новым вобразе, каб аўтар мог прадэманстраваць сваё моўна-стылістычнае майстэрства і пазбегнуў абвінавачанняў у клішаванасці мовы: магу, калі хачу (і праўда, можа!), а чаму вось тут не хачу – сам падумай. Даўмеешся – станеш пераможцам. 

Мы дык надумалі, што гэта ён беларушчыну як канкурэнтназдольны тавар прасоўвае, 

з дапамогай рэкламы, якая, як і належыць, паўтараецца праз пэўныя адцінкі часу ў аднолькавай форме і дзяўбе, дзяўбе мазгі – або, як кажа тут дзядзька каўбой, 

“засаджвае ў маладзёна тэзісы, нібы набоі ў абойму”. 

 

Людзі 

Паважаны дзед Талаш! 

Прыміце, калі ласка, нашу здымачную групу ў сваёй акуратнай хатцы з этнаграфічнымі ліштвамі і гонтавым дахам! 

Па-першае, нашы мастакі, дэкаратары і эксперты па матэрыяльнай культуры старасвецкіх беларусаў не ведаюць, што такое “ліштва” ці “гонта”, а таму не могуць стварыць неабходных муляжоў. 

Па-другое, мы хочам папрасіць у Вас насення палітычнага прытулку схавацца пад старой ігрушай ад капіталістычных злыбедаў рабіць натурныя здымкі пастаральнага Таргачова, з тым каб надаць карціне жаданае аўтэнтыкі (мо нас з ёй і ў Каннах прымуць, чым мы горшыя за Кустурыцу?..). 

А яшчэ нам собіць пазнаёміцца з слыннай кулямётчыцай Талашыхай, падарыць ёй навюткую плюшавую душагрэйку для гадавання анёлкаў і цэлыя кеды (хай яна іх, хіба, на сцяну павесіць, калі ёй растаптанымі чвякаць даспадобы). 

Да суседзяў Вашых таксама вельмі хочацца схадзіць – там адзін такі ля вас жыве, каторы з сякерай гатовы быў бараніцца, увогуле цікавыя, падобна што, людзі, тыпажы! Ну і наастачу, просімся да знакамітага таргачоўскага ведзьмака, звядзіце, калі ласка, хай ён нашай карціне за прыжыццёвыя ільготы падчаруе шалёны поспех. Усім жа карысць будзе: нам касавыя зборы, а гледачам нагода кніжыцу п(е)рачытаць, пасмяяцца і парадак у хаце навесці.

 

Маргарыта Аляшкевіч, bellitaward.blogspot.com