Вакальныя вакацыі ў Ракаве

Сустрэча прайшла ў мясцовай школе, дзе на вакацыях дзейнічае асеннік (па аналогіі са словам летнік) для вучняў малодшых і сярэдніх класаў. Выступы сталічных гасцей былі ўспрынятыя з характэрным для такога ўзросту энтузіязмам. А як жа іначай?

Дзякуючы паэту і спявачцы дзеці пабывалі ў звярынцы, дзе не толькі “воўк і мядзведь паварочваліся ледзь”, але і жырафа “пальму тузала за косы – пастрасала ўсе какосы”, а гарбаты вярблюд “любіў папіць гарбаткі”. Паслухаўшы казку “Як грыбы на вайну збіраліся”, вучні нібы пабывалі ў грыбным царстве, дзе ваяўнічага Мухамора перамог Спадар Вожык.

Выступае Міхась Скобла

З асаблівым імпэтам дзеці разгадвалі і вершаваныя загадкі, часам выкрыкваючы адгадкі дружным хорам. Песенная частка таксама атрымала глядацкую падтрымку – маленькія ракаўцы падпявалі і “Мой родны кут”, і “Спадчыну”, вядомыя ім як творы Якуба Коласа і Янкі Купалы са школьнай чытанкі.

Таццяна Матафонава

А да песні Гервасія Вылівахі “Дробненькі дожджык” з “Ладдзі роспачы” адна з настаўніц зрабіла дадатак: аказваецца, аўтар аповесці Уладзімір Караткевіч любіў бываць у Ракаве і нават гуляў там на вяселлі – у свайго сябра, карэннага ракаўца літаратуразнаўцы Вячаслава Рагойшы!

Такім чынам, у Ракаўскай СШ прайшлі своеасаблівыя “вакальныя вакацыі”, хоць “будзьмаўскім” творчым дэсантам, па словах педагогаў, там будуць рады і пасярод навучальнага года. Самыя актыўныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

budzma.by