Валерый Дубоўскі святкуе сваё 65-годдзе

Шаноўны Валерый Леанідавіч! Сардэчна віншуем са святам, жадаем здароўя, добрых падзей і заўсёднага выдатнага настрою Вам і Вашым блізкім, а таксама плёну ў прафесійнай і творчай дзейнасці, новых дасягненняў!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Спадар Валерый -- аўтар кнігі паэзіі "На пачатку маўчання", якая літаральна нядаўна пабачыла свет у серыі "Кнігарня пісьменніка" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў. А 28 мая 2013 года на пасяджэнні Рады СБП Валерый Леанідавіч быў адзінагалосна прыняты ў сябры грамадскай арганізацыі.

Валерый Дубоўскі нарадзіўся 4 чэрвеня 1948 года ў вёсцы Хацькова Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Бацькі пасля выкладчыцкай працы ў Жукнеўскай сярэдняй школе Талачынскага раёна пераехалі жыць у Оршу ў 1959 г.

У 1966 г. у гэтым горадзе скончыў сярэднюю школу № 10 імя К. С. Заслонава і паступіў на філалагічны факультэт БДУ імя У. І. Леніна. Служыў у Савецкай Арміі ў 1968 – 70 гадах, дзе быў узнагароджаны медалём.

Працягнуў вучобу завочна на факультэце журналістыкі БДУ, які скончыў у 1976 г. З 1970 г. працаваў у рэдакцыях раённых газет „Дняпроўская праўда” (г. Дуброўна), „Красное знамя” (г. Ашмяны) – літаратурным супрацоўнікам, загадчыкам аддзелаў, адказным сакратаром. У 1978 г. прызначаны рэдактарам газеты „Полымя” (г. п. Карэлічы).

Пасля вучобы ў 1980 – 82 гг. у Мінскай вышэйшай партыйнай школе – загадчык аддзела, намеснік рэдактара абласной газеты „Мінская праўда”. У 1987 – 1989 гг. – інструктар ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ. У 1989 г. выбраны на конкурснай аснове дырэктарам выдавецтва „Беларусь”. Адначасова на грамадскіх пачатках  з’яўляўся старшынёй савета дырэктараў дзяржаўных выдавецтваў, старшынёй праўлення рэспубліканскага таварыства „Кніга”.

З 1993 г. – прадпрымальнік, дырэктар камерцыйных прадпрыемстваў, з 1995 г. – заснавальнік, кіраўнік, галоўны рэдактар, старшыня сходу акцыянераў выдавецтва і друкарні „Юніпак”. Упершыню ў краіне выдавецтва перавыдала „Катэхізіс” Сымона Буднага, Біблію („Пяцікніжжа”) у перакладзе на беларускую мову айца Уладзіслава Чарняўскага, „Гіпіку” Крыштофа Монвіда Дарагастайскага.

Першыя паэтычныя спробы зробленыя яшчэ ў пачатковай школе. У старэйшых класах некаторыя вершы адзначаліся на радыё – у праграме „Рамантыкі”. Літаратурную творчасць прыпыніў у васьмідзясятыя годы і вярнуўся да яе ў 2003 г.

Першай публікацыяй стаў верш „Піце беларускае!” для рэкламнага плаката, зробленага разам з мастаком Паўлам Татарнікавым і надрукаванага банкам (Priorbank, 1999 г.) з нагоды прэзентацыі беларускіх гатункаў піва, наладжанай для амбасадараў замежных краін у Беларусі.

Вершы публікаваліся ў часопісе „Дзеяслоў” (№ 52), газеце „Новы час”,  у карпаратыўным насценным перакідным календары „Лялькі, альбо Музыка кахання” (у 2009 г. – пераможца ў Рэспубліканскім конкурсе „Мастацтва кнігі” у сваёй намінацыі).

Прафесійна займаецца дызайнам, фатаграфіяй, мае публікацыі, персанальныя выставы. Аматар музыкі, жывапісу, спорту. Некаторы час працаваў акампаніятарам у піянерскім лагеры, мастаком-афарміцелем на прадпрыемстве, у доме культуры, мастацкай майстэрні. З 1977 г. быў сябрам Саюза журналістаў СССР. З’яўляецца старшынёй сходу акцыянераў выдавецтва ЗАТ „Юніпак”.

На здымку: Валерый Дубоўскі выступае на пасяджэнні Рады СБП. Фота Алены Казловай 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"