Валерыю Стралко — 75!

Валерый Васільевіч Стралко. Фота art-s.by

Паважаны Валерый Васільевіч! Шчыра віншуем Вас з юбілеем і жадаем моцнага здароўя, даўгалецця, бадзёрасці, дабрабыту, плённай творчай працы!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Спадар Валерый — унікальны перакладчык з беларускай, рускай моваў на ўкраінскую і наадварот. Сябар Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны, лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Івана Франко, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Кандрата Крапівы. А зусім нядаўна Валерый Васільевіч быў уганараваны Міжнароднай літаратурна-мастацкай прэміяй імя Грыгорыя Скаварады за вялікую падзвіжніцкую працу з мэтай збліжэння ўкраінскай і беларускай літаратур.

У перакладзе Валерыя Стралко на ўкраінскую мову выходзілі творы Васіля Быкава, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча. Адметна тое, што творца мае тэхнічную адукацыю, а беларускую мову вывучыў самастойна. Прафесійна займацца перакладчыцкай справай Валерый Васільевіч пачаў, калі яму было 50 гадоў, і, як бачым, дасягнуў у гэтым вялікіх поспехаў.     

"Я нарадзіўся ў мястэчку Любеч на Чарнігаўшчыне, школу заканчваў у в. Тупічаў. Спрабаваў паступіць у Херсонскую мараходку, але выявіўся дальтонікам. З цяжкасцямі ўладкаваўся на працу вучнем зваршчыка на караблебудаўнічы завод імя "Камінтэрна" і напярэдадні свайго 17-годдзя атрымаў 4 разрад. Амаль праз два гады, як ні дзіўна, удалося трапіць служыць у ваенна-марскі флот. Ды ненадоўга. Пасля камісавання вярнуўся на завод. Аднойчы ў начную змену сарваўся у трум, разбіўся. Давялося асвоіць прафесію кранаўшчыка. Увесну 1960 г., скончыўшы вячэрні караблемеханічны тэхнікум, паехаў дамоў дапамагчы бацькам. Восенню вярнуўся ў Херсон і на працягу двух месяцаў не мог уладкавацца на працу. Давялося пайсці выкладаць чарчэнне, нямецкую мову і геаграфію ў глухой вёсцы на Херсоншчыне. А вёска мела назву… Навасібірск. Сябры ў лістах жартавалі, маўляў, думалі, што стаў сібіраком. Аджартаваўся своеасабліва: праз пэўны час падаўся ў "сапраўдны" Навасібірск, дзе пражыў каля 10 год. Працаваў у Інстытуце ядзернай фізікі Сібірскага аддзялення Акадэміі навук СССР. Пасля заканчэння (завочна) электратэхнічнага інстытута перайшоў старшым інжынерам у лабараторыю прыкладной кібернетыкі інстытута гідрадынамікі, адкуль праз пару год быў запрошаны на працу ў Мінск, дзе да пенсіі адпрацаваў у навукова-даследчых і праектнаканструктарскіх інстытутах, — распавёў спадар Валерый у адным з інтэрв'ю. — Падчас творчай працы імкнуся, каб аўтарская паэзія захавалася максімальна, каб у перакладзе пазнаваўся больш аўтар, а не перакладчык, хоць апошні таксама павінен мець свой перакладчыцкі почырк".  

Прэсавая служба СБП