Валянціна Аксак і яе «Дзікая сліва» (+фота)

Перад пачаткам вечарыны ўсе ўдзельнікі ўшанавалі хвілінай маўчання Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, які пайшоў з жыцця 29 сакавіка.

Выступілі Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і рэдактар кнігі Барыс Пятровіч, філосаф і аўтар эсэ пра творчасць паэткі Валянцін Акудовіч. Акустычны склад гурта "Ў" Раман Арлоў і Кацярына Поцюс выканалі колькі песень, сярод якіх былі і прэм'еры.

Валянціна Аксак

Барыс Пятровіч

У залі

Сярод гледачоў: Уладзімір Арлоў

У залі: Ціхан Чарнякевіч

Адмысловымі былі непасрэдна чытанні спадарыні Валянціны: некаторыя вершы суправаджаліся тлумачэннямі, дзякуючы якім гледачы змаглі "прыўзняць заслону", за якой хаваліся таямніцы стварэння тэкстаў. Напрыклад, дзікая сліва -- гэта не што іншае, як цярноўнік, а цярновы вянец, як вядома, сімвал ахвярнасці і пакутаў Ісуса Хрыста.

"Ў": Кацярына Поцюс і Раман Арлоў

У кнізе мноства біблійных і рэлігійных алюзій, і, пэўна ж, далёка не ўсе яны былі раскрытыя пісьменніцай падчас сустрэчы. Слушна, іначай чытачам было б не настолькі цікава спасцігаць "онталагічныя глыбіні, да якіх у беларускай паэзіі, акрамя Валянціны, дабіраецца хіба Алесь Разанаў" (Валянцін Акудовіч), "складаныя з'явы, якія апісваюцца проста і дакладна, без залішніх вершаваных упрыгожанняў, без лішніх слоў" (Барыс Пятровіч).

Выступае Валянціна Аксак

Валянцін Акудовіч

Элітарная паэзія, вядома, зразумелая не кожнаму. Публіка была нешматлікая, затое адданая: прыхільнікі творчасці пані Валянціны цытавалі яе вершы на памяць і дзеля атрымання аўтографаў прынеслі з сабой некалькі розных ранейшых зборнікаў аўтаркі, а не толькі "Дзікую сліву".

Наведнікі мелі магчымасць пагутарыць з пісьменніцай у нефармальнай атмасферы, а кожны пакупнік "Дзікай слівы" атрымаў у падарунак "Віно з Каліфорніі".

Больш фота ТУТ

Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org