Валянціна Аксак святкуе свой юбілей. Віншуем!

Валянціна Іванаўна Аксак. Фота budzma.org

Шаноўная Валянціна Іванаўна! Найшчыра віншуем Вас са святам і зычым вясновага настрою, дабрабыту, шанцунку ва ўсіх справах, творчага плёну, моцнага здароўя і радасці!

Валянціна Аксак (Арлова) нарадзілася ў 1953 годзе ў вёсцы Смалічы Нясвіжскага раёна. Па адукацыі – гісторык (выпускніца гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, 1975). Працавала карэспандэнтам, аглядальнікам у газетах, загадчыкам аддзела культуры часопіса «Беларусь». Цяпер -- карэспандэнт «Радыё Свабода». Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1994 года.

Паэтычны дэбют адбыўся ў наваполацкай шматтыражцы «Хімік». Аўтар зборнікаў паэзіі «Цвінтар» (1992), «Капліца» (1994), «Антычны дождж» (1999), «Віно з Каліфорніі» (2003), «Ружоўніца» (2008).

Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2008).

Валянціна Аксак

Шлях

Цярплівасць ды пацеха

заместа чорнай роспачы,

да споведзі шлях – пехам

і басанож,

як кольвечы.

 

Насупленасць расхмурыцца,

растопіцца зняменне,

і плынь пятлістай вуліцай

памкне

да

Узнясення.

 

Куп’істыя калдобіны

спакойны рытм

не збэрсаюць,

вярнуся ў стан дародавы,

дзе жыць належыць

Кесару.

 

Паняверка

Хворы храм.

Застудзіліся грудзі ў амбона,

кашаль бухае ў царскую браму

наўзлом.

Словы споведзі пройма адносіць,

і гром

развінае грахі той Мадонны,

за якою Абрам

змог прычасце прыняць

і ўсясветна ў пашане распяць

Немаўлятка –

за грэх

першародны.

 

***

О, як холадна жыць, Божа мілы!
Стынуць вусны, ляднее душа.
Дай мне сілы, мой Бог, дай мне сілы!
Хай загіну пазней, а спярша

Хоць крыхотку цяпла, хоць драбніцу,
Хоць іскрынку маленькую дай!
Буду вечна за гэта маліцца,
Буду гнаць ад сябе той адчай,

Што спавіў мяне даўняй вясною,
Патушыў несканчоны радок,
Выбіў з розуму нітак аснову,
Зблытаў думак вясёлкавы ўток.

І не тчэцца мая выбіранка —
Перакрэсліў узоры мароз.
Заірдзелі пахмурныя ранкі
Пералівамі выстылых рос.

Божа мілы, не дай мне скарыцца
Халадэчы бясколерных сноў,
Памажы, навучы, як пазбыцца
Скамянелых пачуццяў і слоў!

Перад Вялікаднем

Панядзелак радзіўся на зломе
Нескаромнага шчырага тыдня.
У табой ашчасліўленым доме
Пост вялікі хрысціўся ў Вялікдзень.

Белым воблачкам раніца ззяла
Ў расчасаных кудзерках жарых
I аўторак сабой падганяла,
Сераду вызваляла з цяжару.

I чацвер абмываўся блакітам
У купелі вачэй маіх поўных.
Ды вось пятніца нешта панікла,
He спяшала выходзіць за поўняй.

Ля чаканай чырвонай суботы
Яна чорнаю быць не хацела.
Крутануў хтось цяжкім калаўротам
На нядзелю аж пырскі ляцелі.

I сцякалі, як слёзы з распяцця,
Ўсім нядзелям забрудзіўшы твар...
He пашыла я белае плацце
I ўжо ў чорным іду на цвінтар...

 

Уніяцкая капліца

Царква

паэтаў і самотнікаў,

Што ў прынцыпе -- адно і тое.

З вакенца

позіркам адлётніка

глядзіць на свет

дзіця малое.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"