“Вальнейшы за тых, хто на волі” — сябры адзначылі юбілей Алеся Бяляцкага

25 верасня ў галерэі “Ў” прайшло святкаванне пяцідзесяцігоддзя Алеся Бяляцкага, на якое сабраліся яго калегі па створаным ім праваабарончым цэнтры “Вясна”, сябры, якія ведаюць Алеся з часоў юнацтва: журналісты, пісьменнікі, музыкі. Ад сям’і прысутнічала сястра Вольга. У гэты ж дзень сын Бяляцкага Адам і жонка Наталля ў Польшчы атрымлівалі за свайго бацьку і мужа ўзнагароду  «Human Rights Defenders Award».


Вядоўцы імпрэзы Алена Лапцёнак і Эдуард Акулін адзначылі, што гэта сяброўская вечарына, на якой будуць згадваць Алеся як літаратуразнаўцу, музейшчыка і праваабаронцу. Тым наведнікам, якія яшчэ не паспелі яго павіншаваць, былі прапанаваныя паштоўкі, якія можна запоўніць і даслаць юбіляру, а таксама магчымасць запісаць відэа-віншаванне.

Таццяна Рэвяка

Першай выступіла Таццяна Рэвяка, разам з Бяляцкім яны працавалі  ў літаратурным музеі Максіма Багдановіча і стаялі ў вытокаў “Вясны”. Яна расказала, наколькі важная для яе сябра сфера літаратуразнаўства і пра тое, што да свайго 50-годдзя ён марыў выдаць кніжку сваіх прац за трыццаць гадоў. Паколькі Алесь цяпер за кратамі, яго кнігу падрыхтавала да друку Паліна Сцепаненка. Магчыма, яна будзе выдадзена ўжо ў кастрычніку.

“Самае галоўнае, што “Вясна” працягваецца”, — сказала Таццяна Рэвяка — гэта тое, пра што прасіў яе Алесь Бяляцкі ў дзень свайго арышту. Яна выказала спадзяванне на тое, што вылучэнне на Нобелеўскую прэмію можа паспрыяць таму, што “Алесь у хуткім часе будзе з намі, на волі”.

Барыс Пятровіч

Наступным узяў слова даўні сябра Алеся Бяляцкага, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч. Ён згадваў першае апавяданне Бяляцкага, яго крытычную калонку ў “ЛіМе” і казаў пра сваё шкадаванне аб тым, што Алесь ахвяраваў сваім літаратурным талентам на карысць працы, магчыма, больш патрэбнай людзям — абароне іх правоў. Цяпер, у турме, Бяляцкі зноў вярнуўся да літаратурнай крытыкі.

Адна з трох кніг, якія былі ў турме па-беларуску, — кніга Хвядоса Шынклера. Артыкул Бяляцкага пра Шынклера можна прачытаць у часопісе “Дзеяслоў” № 59.

Наступным выступіў Вінцук Вячорка, які згадваў, як калісьці Алесь Бяляцкі закапаў на глыбіні 4, 5 метраў шкляную бутэльку з прысягай змагацца за незалежную Беларусь.  Далучыліся да віншаванняў юбіляра праваабаронца Гары Паганяйла, які перадаў Бяляцкаму падарунак праз яго сястру Вольгу, намеснік старшыні БАЖу Андрэй Бастунец, паэт Леанід Дранько-Майсюк, які гаварыў пра самавітае пісьмо віноўніка ўрачыстасці, дзе заўжды ёсць месца сур’ёзнай гутарцы.

Аляксандр Фядута расказаў пра тое, як складана даецца яму адказ на ліст і водгук Бяляцкага на яго вершы, бо  ў словах, якія пішуцца  за кратамі адсутнічае фальш, а “калі пішаш чалавеку, які знаходзіцца там, словы прыходзяць цяжка”.

Слова таксама бралі паэт Міхась Скобла, блізкі сябар Язэп Янушкевіч. Журналіст Валер Каліноўскі, які стаў біёграфам Алеся Бяляцкага, расказаў пра сваю працу над кнігай “Справа Бяляцкага”, што мусіць выйсці ўжо хутка.

Доктар філасофіі і тэалогіі Ірына Дубянецкая падзялілася ўспамінамі пра часы дырэктарства Алеся Бяляцкага ў музеі Багдановіча. Гэта быў унікальны час, калі супрацоўнікам дазволілі выбраць сабе дырэктара і  так, нечакана для сябе, Бяляцкі атрымаў кіраўнічую пасаду ў дзяржаўнай установе. У музея было два будынкі, якія, дзякуючы новаму дырэктару, неўзабаве зрабіліся юрыдычным адрасам для прыкладна пяці дзясяткаў арганізацый.

“Я назіраю за тым, як, калі напаткала бяда, усё тое добрае, што рабіў Алесь Бяляцкі, пачало вяртацца да яго. Тысячы людзей падпісваліся за тое, каб узяць яго на парукі, каб да суда ён быў на волі”, — сказала Ірына Дубянецкая і адзначыла, што Алесь Бяляцкі ў моц свайго характара здольны быць вальнейшым за тых, хто на волі.

На вечарыне таксама былі зачытаны віншавальныя тэлеграмы юбіляру ад міжнародных праваабарончых арганізацый, у музычных паўзах прагучалі чатыры сюіты старадаўняй беларускай музыкі ў выкананні музычнага калектыва “Класік-Авангард”, якім кіруе заслужаны дзеяч мастацтва Беларусі Уладзімір Байдаў.

Прэсавая служба СБП