"Вандроўнік вечнага часу" - да 75-годдзя з дня нараджэння Міколы Купрэева

Я пазнаёміўся з Міколам Купрэевым, калі яму было 55 гадоў. І ўжо тады ён выглядаў даволі старым чалавекам. Фізічна. Жыццё трапала яго… з малалецтва… Пра гэта можна прачытаць у яго выбудаваных на падмурку ўласнай біяграфіі аповесцях (ад “Дзіцячых гульняў пасля вайны” да “Лістоў з млына”).
Ён жыў на два светы: унутраны (ілюзорна-паэтычны, надуманы, створаны ўласна ім) і свет вонкавы (рэальны, жорсткі, неспагадлівы да яго лёсу). Як пісаў ён сам: 

…цягнуць мяне з маім чорным лёсам
д’ябал – у пекла, анёлак – у рай…
Між Ладам тваім і маім Хаосам
от і жыві тут – хоць памірай”

Да яго жыцця, так ці іначай, спрычынілася шмат дабрадзейных і спагадлівых людзей. Значна больш, чым нягоднікаў і абыякавых. Калі, працуючы ў “ЛіМе”, я наважыўся прапана­ваць кіраўніцтву холдынга выдаць літаратурную (найперш празаічную) спадчыну Міколы Сымонавіча, з гэтым, нечакана для мяне, тадышняе начальства (Алесь Карлюкевіч) не толькі пагадзілася, а нават актыўна і зацікаўлена падтрымала такую задумку. Так на першапачатковым энтузіязме і выйшаў першы з двух запланаваных тамоў – ёмкая і салідная кніжка прозы Міколы Купрэева “Палеская элегія”, складзеная з пяці аповесцей, уступнага артыкула пра жыццё і творчасць аўтара і колішняй прыжыццёвай гутаркі з ім. У розных рэгіёнах берасцейшчыны адбыліся прэзентацыі кніжкі. Выданне атрымала запар дзве прэміі: адну афіцыйную – літаратурную імя Уладзіміра Калесніка ад Берасцейскага аблвыканкама, а другую, прыватную, – “Мядовую прэмію” ад фермера-пчаляра з Пружаншчыны Міколы Папекі. Папекі (пра неатрыманне ад новай суверэннай улады напрыканцы 90-х гадоў Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і ўручэнне “наўзамен” ад пакрыўджанай пісьменніцкай арганізацыі Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова ўжо не раз згадвалася, у тым ліку і ў “Дзеяслове”). Аднак другі том, спатыкнуўшыся на фінансавай, а пасля непатлумачанай кіраўніцтвам холдынга сітуацыі, так да гэтага часу свету і не пабачыў. Хоць быў скампанаваны і гатовы да рэдагавання. Туды ўвайшлі дзве апошніх аповесці, недрукаваныя ў зборніках вершы і даволі аб’ёмны шэраг успамінаў, большасць з якіх паступова былі выдрукаваныя на старонках тыднёвіка “ЛіМ”. Я думаю, тыя з іх, якія тут прапануе часопіс “Дзеяслоў”, дададуць чытачам разумення і ўражлівасці ад неардынарнай і неадназначнай творчай постаці і чалавечай жыццёвай сутнасці таленавітага паэта і пісьменніка. 
Так, Міколу Купрэеву многія дапамагалі ў яго бадзяжным і пакутлівым жыцці. І што?! Ён перайначыўся, пераламаў свае паводзіны, груба кажучы, ачалавечыўся ў фізічным і бытавым плане? Ды не. Чаму? А таму, што быў хворы. Ён быў хворы на дадзены Богам талент… у дадатак з нажытым алкагалізмам і валацужніцтвам. Багемнасць і бамжоўства ўжываліся ў ім адпрыродна. Як і Анатоль Сыс, не зважаючы на падтрымку людзей, – і матэрыяльную, і псіхалагічную – Мікола (міжволі) імкнуўся да самавызначальнай ізаляцыі ад грамадства і, як вынік, – скончыў па сутнасці самазгубствам. Калі Сыс свядома ішоў шляхам выклятага паэта (дазволю сабе такі выраз), то Купрэеў прыйшоў да таго ж выніку натуральным чынам.
Памятаю, пры першай нашай сустрэчы з Міколам у яго вядомай “панскай” мансардзе ў Папялёве, у прасторных узвышаных апартаментах лётаў прыгожы рознакаляровы матыль. Тэлевізійны рэжысёра Валодзя Таміла (ужо нябожчык, пухам яму зямля), узрадаваўся гэтаму і пачаў здымаць паэта ў такім прыматылёвымлятучым антуражы… Аднак, калі той “абжыўся” ў сітуацыі і пачаў назойліва лезці ў камеру ды на ўзмакрэлую ад юпітэраў лысіну Купрэева, узяўся выганяць матыля, грозна махаючы газетай, не на жарт стараючыся таго прыбіць… І тут Мікола паўстаў на жорсткую абарону свайго “кватаранта”. Што і казаць, калі для рэжысёра матыль быў часовым мілым антуражам для тэлездымак, то ў Купрэева – штодзённай прыроднай з’явай яго правінцыйнага жыцця (мансарда стаяла літаральна ў ста метрах ад шлагбаума на ўездзе ў Белавежскую пушчу)…
Элітарны ў сярэдзіне 90-х гадоў часопіс “Крыніца” ад часу публікацыі прозы Купрэева добра дапамагаў яму ў матэрыяльным плане. Галоўны рэдактар Уладзімір Някляеў падпісваў Міколу ганарар па самай высокай стаўцы, а да таго ж яшчэ, тут-сюд, і розныя грашовыя прэміі дадаваліся. Таму аднойчы, гледзячы на заношаны Міколаў выгляд, вырашылі ўсёй рэдакцыяй, што я, узяўшы ў бухгалтэрыі немалыя Міколавы грошы, завяду яго ва ўнівермаг ды нанова па-шляхетнаму апрану. Купілі яму ўсё – ад шкарпэтак да зімовай шапкі – уключна з касцюмам, кашуляй, швэдарам, курткай, чаравікамі і… гальштукам). Але як ён, бедны, умольваў мяне вачыма ды ўпрошваў не купляць нічога лішняга, гледзячы на драбнеючы ў маіх руках жмут грошай… “Хопіць, Лёня, хопіць, каму гэта ўсё?!” Так баяўся, што мала застанецца напрычашчэнне. З універмага я завёў яго на сваю кватэру і добра-такі выкупаў у гарачай ванне, а пасля склаў у цэлафанавы пакет і выкінуў на сметнік усе ягоныя абноскі… Прыадзеўся Мікола – франт-франтам, хоць ты Нобелеўскую прэмію давай! А ўжо назаўтра вечарам тэлефануюць мне з Дома літаратара: забярыце тут у нас шалік, пальчаткі і шапку свайго сябра… Выпіў і пакінуў іх у гардэробе Мікола Сымонавіч, а сам паехаў электрычкай на сваю Пружаншчыну, далей спазнаваць свет прыроды і чалавека… Такім быў Купрэеў у жыцці. І іншым – таксама быў. Іначай не застаўся б знаным творцам у гісторыі нацыянальнай літаратуры.
У мяне захоўваецца вялікі эпісталярый М. Купрэева (100 на 100 лістоў нашага больш чым дзесяцігадовага ліставання). Час ад часу з’яўляюцца на свет і асобныя праявы яго творчай спадчыны. Аднак арыгіналаў яго вялікай прозы апошняга часу, на жаль, не захавалася. Прычына простая, нават банальная: папера, на якой пісаліся творы (на калене, на пні, на краі ванны ў сухотным дыспансеры), была такой спрацаванай (зацёрханай і зашмальцаванай), што захоўваць яе было вышэй усякіх сіл. Бог даў яшчэ, што вычытку і рэдагаванне іх я ўсё ж зрабіў належным чынам, расчытаўшы каравы почырк аўтара... 
Ці быў ён, як некаторыя пішуць, маргіналам, у поўным сэнсе гэтага слова? Складана сказаць адназначна. Ён выбіраўся з традыцыйнага беларускага балота на выспу шырокага светагляду, мосцячы гаць лаўжамі ўласнага жыццёвага вопыту, – ішоў сваім натуральным, а не інтэлектуальна запазычаным з Усходу ці Захаду шляхам. Хоць, безумоўна, вучыўся і браў урокі шмат у якіх творцаў свету. 
Але, найперш дзякуючы яго ўласнаму арыгінальнаму мастацкаму мысленню і стылю, лепшыя паэтычныя і празаічныя творы Міколы Купрэева запатрабаваныя нашым часам і, ёсць спадзяванне, будуць узятыя з яго літаратурнай спадчыны нашымі нашчадкамі. Яны таго вартыя.

Леанід ГАЛУБОВІЧ.

 

 

Фота: gants-region.info