Васіль Аўраменка прэзентаваў сваю новую кнігу ў Магілёве

Змест кнігі ўяўляе сабой аўтарскія рэтраспекцыі ў асабістае мінулае і філасофскія разважанні аб тых аспектах свайго “я”, да вывучэння якіх у свой час прыклаў вялікія намаганні вядомы Зігмунд Фрэйд. Таму прэзентацыя кнігі і атрымала адмысловую назву — “Пра сэкс, каханьне і любоў”.
Васіль Аўраменка
Апрануўшыся ў адпаведны строй — хатні халат і пантофлі — спадар Аўраменка зацікавіў прысутных сваім менавіта беларускім бачаннем пазначанай тэматыкі і выказаў думку, што гэта кніга дазволіць усім чытачам падысці бліжэй да асэнсавання сваіх “эга”-сусветаў — з прыхаванымі таямніцамі памяці, адкуль хвалюючыя досведы глядзяць у дзень сённяшні, саграваючы нас сваім цёплым дыханнем.
Алена Лаўранцова зацікавілася кнігай
Віталь Еўмянькоў
Сваімі думкамі падзяліліся вядомы магілёўскі гісторык Аляксандр Агееў і фотамастак Аляксандр Ліцін, які прымаў удзел у стварэнні дызайна кнігі.
Злева направа: Аляксандр Сувораў, Ала Яцкова, Міхась Булавацкі і Базыль Камароў
Удзельнікам была прапанавана філалагічная віктарына па веданні беларускай мовы — з яе шырокімі магчымасцямі ўжывання адпаведнай тэрміналогіі. Кожны з пераможцаў атрымаў па экзэмпляру кнігі.
У чарзе па аўтограф
Таксама адбыліся паказ відэапрэзентацыі, вольны абмен думкамі і аўтарская аўтограф-сесія.
Магілёўскае абласное аддзяленне СБП
Фотаздымкі Дзяніса Васількова і Міколы Яцкова
Прэсавая служба СБП