“Васіль Быкаў абессмяроціў беларусаў” — ушанаванне памяці пісьменніка адбылося ў Мінску

Ушанаваць памяць Васіля Уладзіміравіча прыйшлі жонка Ірына Міхайлаўна Быкава, сябры, калегі і прыхільнікі яго таленту — Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Някляеў, Сяргей Законнікаў, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Леанід Галубовіч, Галіна Каржанеўская, Сяргей Сыс і іншыя. Прысутнічалі брэсцкія пісьменнікі Алесь Паплаўскі і Алесь Каско, а таксама супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, дзе захоўваецца вялікая частка архіва Васіля Быкава.

Празаік, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч падзякаваў усім тым, хто памятае, шануе спадара Васіля і наведалі месца яго спачыну.

— Праз некалькі дзён споўніцца дзесяць год, як побач з намі не стала Васіля Быкава. І хаця фізічна творца не тут, але духоўна ён заўжды з Беларуссю. Нам у спадчыну засталіся прыпавесці, апублікаваныя пасля яго адыходу, шматлікія інтэрв’ю, у якіх ён, як сапраўдны Прарок, прадказаў многае тое, што адбываецца цяпер.

Генадзь Мікалаевіч Бураўкін з вялікай цеплынёй у сваім слове ўспомніў сябра і паплечніка:

— Бог яго любіў, Ён збярог яго ад смерці на вайне, ад інфарктаў пасля несправядлівай жорсткай крытыкі, ад многіх нядобразычліўцаў. Праходзіць час, і як гэта ні дзіўна, я добра ведаў яго як чалавека, як пісьменніка, як асобу, ды ён ад мяне не адыходзіць, а набліжаецца да мяне. Думаючы пра цяперашнія часы, часта згадваю: як не хапае зараз Васілёвай адданасці Беларусі, адданасці праўдзе, унікальнай дабрыні да людзей! У ім і цяпер многа і не згаданага, і неразгаданага.

Спадар Генадзь напрыканцы свайго слова прачытаў верш, прысвечаны Васілю Уладзіміравічу, які быў напісаны нядаўна.

Генадзь Бураўкін

Злева направа: Анатоль Вярцінскі, Ірына Міхайлаўна Быкава, Генадзь Бураўкін, Уладзімер Някляеў, Сяргей Законнікаў

Анатоль Ільіч Вярцінскі расказаў пра феномен Васіля Быкава, які многія цяпер, з пазіцыі сённяшняга дня, спрабуюць аналізаваць. Створаны Быкавым вобраз беларуса аказаўся найбольш яркім і характэрным для нашага народа. У разуменні таленту спадар Васіль асабліва вылучаў тое, што пісьменнік мусіць быць верны такім катэгорыям, як праўда, простасць, чалавечнасць. І хаця творца заўсёды размяжоўваў пісьменніцтва і палітыку, але па маштабе свайго мыслення быў сапраўдным дзяржаўным мужам. Распавёўшы пра чыннікі феномену Быкава, спадар Вярцінскі прачытаў верш-прысвячэнне спадару Васілю.

  

Алесь Пашкевіч, Леанід Галубовіч, Алесь Паплаўскі

Алесь Пашкевіч, літаратар, першы намеснік старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, адзначыў прарочасць і дальнабачнасць Васіля Уладзіміравіча, які на дзесяцігоддзі наперад мог апісаць стан нашага грамадства.

Леанід Галубовіч, Анатоль Вярцінскі

Злева направа: Сяргей Законнікаў, Ірына Міхайлаўна Быкава, Барыс Пятровіч, Уладзімер Някляеў

Сяргей Сыс прачытаў фрагменты з ліста праваабаронцы, літаратуразнаўцы Алеся Бяляцкага, які падрыхтаваў эсэ пра Быкава менавіта да гэтага дня і даслаў яго са зняволення.

“Што значыць для беларусаў Васіль Быкаў? Вялікі чалавек, адзін з бацькоў беларускай нацыі, геніяльны пісьменнік, які ўзняў пытанні быцця беларускага народа на пазазямны, усяленскі ўзровень. Можа, не столькі дзеля значнасці беларусаў, якіх ён і пакутліва любіў, і шкадаваў, лічыў самым занядбаным народам у Еўропе, да якога мы маем гонар (ці няшчасце) належаць, колькі дзеля трагічнасці, экзістэнцыйнасці лёсу беларускага народа, яго ўнікальнасці і непаўторнасці. Васіль Быкаў аб’ектыўна абессмяроціў беларусаў, незалежна ад стаўлення да гэтага іншых народаў, і ўрэшце, асабліва не звяртаючы ўвагу на жаданні іх саміх. Ён стварыў узор беларускага характару, архетып беларуса, па якім мы яшчэ доўга будзем вымяраць і свой народ, і саміх сябе”, — піша Алесь Бяляцкі.

Сяргей Сыс

Вольга Барысаўна Гулева, загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, распавяла пра падрыхтоўку музея-дачы Васіля Быкава, адкрыццё якога мяркуецца ў наступным годзе.

Ірына Міхайлаўна Быкава падзякавала ўсім тым, хто памятае і любіць Васіля Уладзіміравіча і прыходзіць да яго.

ВТ, фота Алены Казловай, для lit-bel.org

    

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"