Васіль Зуёнак. Саюз: наш і мой. Саюзу беларускіх пісьменнікаў – 80 гадоў

Васіль Васільевіч Зуёнак узначальваў Саюз беларускіх пісьменнікаў на працягу лёсавызначальных гадоў – з 1989 па 1996-ы . Старшыні-“аксакалу” мы і прапанавалі адказаць на загадзя падрыхтаваныя пытанні – а ў адказ атрымалі эсэ-ўспамін… 

Васіль Зуёнак

САЮЗ: НАШ І МОЙ

Васіль Зуёнак

Саюз… Саюз пісьменнікаў… Нямала ўжо нагаворана вусна і пераведзена ўдосталь паперы на тэму: што ж гэта за стварэнне (ці ўтварэнне?) такое на ніве прыгожага пісьменства? Хто і якія разлікі і на які ўраджай выношваў, кідаючы ў творчую глебу арганізацыйнае зерне?..

Адны катэгарычна залічваюць яго ў монстры, што душыў усё жывое, іншыя імянуюць крыху мякчэй – “калгас”… І забываецца пры гэтым ці начыста адмятаецца асноватворны, стрыжнявы сэнс слова і паняцця: Саюз… Паяднанне. Сябрына. Творчае пабрацімства. Адчуванне, што ты не адзін. Пачуццё салідарнасці на шляху да пэўнай мэты, – а гэта о як патрэбна ў нашай, беларускай, сітуацыі, калі на кожным кроку даводзіцца адстойваць пазіцыі роднай мовы, роднага слова, а значыць – і літаратуры… Можна і яшчэ нямала адшукаць “плюсавых аргументаў”… Міжлітаратурныя сувязі, напрыклад, арганізацыя кнігавыдання, узаемаперакладаў… Аднак… Аднак, што рабіць з аргументамі “мінусавымі”? А яны ёсць. І што – яны непазбежныя? І хіба пагадзіцца з тым, што да любога боскага тварэння тут жа падступае, імкнецца прысуседзіцца і д’ябал?.. Ды ўжо неяк само сабой пачынае шкрэбсціся ў думкі пытанне: а ці не д’ябал і падкінуў саму ідэю “Саюза”?

Д’яблу ж таксама не “зашкодзіць” згуртаванне, больш таго – яно жыццёва неабходнае: “паруляваць” натоўпам, паглуміцца ды пацешыцца…

Вось тут, пэўна, і самы момант згадаць пра прыроду творчасці. Паставіць поруч, ва ўзаемадачыненні Саюз – і яе, гэту самую таемную праяву чалавечага духу. І – мяне – паміж імі. І мае адчуванні…

Самае пажаданае тады: я адзін ва ўсім свеце. Адзін – і нікога больш. І нікога на той момант не дапушчу ў гэты свет. Хай сабе ён бог. Ён тут пакуль што непатрэбен. Я малюся сабе. Кашчунства? Не, – гэта творчасць. Бог мяне зразумее: ён таксама тварэц.

Творыцца не “Саюзам”. Творыцца на адзіноце. Гэта стан глыбока-таемны, іншы раз і самому творцу недаступны для разумення. Стан першародна-цнатлівы…

 

Не стойте только над душой,

Над ухом не дышите,

 

папярэджвае, дае, як кажуць, ад варот паварот дабраахвотным (і службовым) “падказчыкам-памочнікам” і непажаданым цікаўным падглядчыкам-сведкам Аляксандр Твардоўскі…

І яшчэ адзін Аляксандр – Пушкін, Аляксандр Сяргеевіч:

 

замыслил я побег

В обитель дальную трудов и чистых нег…

 

І тады:

 

Ты царь: живи один. Дорогою свободной

Иди, куда влечет тебя свободный ум…

 

Прызнаемся: ну каму (у тым ліку і мне), каго хоць аднойчы пацалавала муза, не хочацца хоць на імгненныя хвіліны зноў пабыць з ёю, з музай, на адзіноце, пачуцца тым царом?.. І няўжо хтосьці іменем “Саюза” прымусіць мяне сказаць ёй тыя словы, што пярэчылі б майму душэўнаму стану?..

Бывае, праўда, у жыцці ўсялякае. Жыццё пражыць – не поле перайсці… Але тое ўжо – з іншых “сфер”, далёка не творчых…

Мае стасункі з Саюзам пісьменнікаў можна пэўным чынам уявіць як асабісты шлях, вымераны “адлегласцямі” часу: 1) да Саюза, 2) сяброўства ў ім, 3) “кіраўнічыя ролі”…

 

Да Саюза

 

“Набліжэнне” да Саюза было такое ж, як і ва ўсіх равеснікаў-пачаткоўцаў, – з першымі паходамі па рэдакцыях з надзеяй пабачыць свае радкі на друкаваных старонках. Штосьці ўдавалася “абнародаваць” і мне…

Але тое, што “было такое ж, як і ва ўсіх”, у мяне абарвалася: сябры ішлі далей, а я прыпыніўся. Менавіта – “прыпыніўся”, – не хтосьці “прыпыніў”. Сам прымусіў сябе замаўчаць.

Чаму? А таму, што ўсё выразней пачаў адчуваць: трапляю ў нейкі тупік. Пішу правільныя словы, а душой застаюся наўзбоч…

Хоць накірунак падказваўся мне правільны – і своечасова. Гэта была публікацыя ў газеце “Літаратура і мастацтва” (Навум Кіслік прачытаў і без аніякіх заўваг так і сказаў – адразу і для маёй нечаканай радасці: “Будзем друкаваць”)… То быў верш-падказка – “Чакае маці”… Верш вельмі канкрэтны, кавалачак жыцця: тое, не прыдуманае, выплеснулася ў простыя, але шчырыя радкі.

Пачуць бы мне тую “падказку” і кіравацца ёю, а я ўсё працягваў таптацца на сцежках, зацверджаных газетнымі прыкладамі: “спяваць” пра тое, пра што “паложана” “спяваць”, думаць “калектыўным розумам”, пісаць так, як таго вымагалі “лекалы” часу, калі асабістае мусіла быць і праяўляцца ўсяго толькі як часцінка агульнага (якія ўсе – такі і я, і гэтакая песня мая, – а як жа інакш?!.) Я намагаўся гаварыць “голасам эпохі”, а трэба было б наадварот: каб “эпоха” загаварыла маім (і маім) голасам…

І от, дзякуй богу, я сам сабе “забараніў” пісаць. І “самазабарона” тая, пэўна, сталася добрай “лячэбнай працэдурай”, спосабам змахнуць з душы “маскхалат”… “Маўчанне” абарвалася аднойчы тым, што загаварыў я не “ад імя ўсіх”, а “ад сябе асабіста”…

І яшчэ адкрылася адно разуменне: паэзія – не знешняя, штучна створаная “прыгажосць” са слоў, хай сабе і заплеценых у вянок радкоў, строф, вершаў, – а тая энергія, што выпраменьваецца імі, незаўважна, але адчувальна-насычана. Тое падобна электрычнаму току: нічога не бачна, а дайце кантакт – і ўспыхне святло. Паэзія – перадача духоўнай энергіі, – з аднае душы ў другую. Паэзія – кантакт з чытачом. Без яго, без гэтага кантакта, паэзіі няма – яна мёртвая… Паэзія – пытанні, адказы – у чытача…

А тым часам – пісалася лёгка, нязмушана (і радасна!) … З’явілася першая друкаваная заяўка ў часопісе “Полымя” – з блаславення Анатоля Вялюгіна, потым – вялікая вершаваная падборка ў “Маладосці”, ухваленая Піменам Панчанкам (з памятным, пэўна, для ўсіх пачаткоўцаў заключэннем загадчыка аддзела паэзіі Міколы Аўрамчыка: “Я – за, але што Пімен скажа?..”) Тым самым набліжаўся я і да першай сваёй паэтычнай кніжкі. Яна неўзабаве і з’явілася – пры шчырай падтрымцы як старэйшых, так і равеснікаў-сяброў. Рыгор Барадулін вітаў яе ў альманаху “Дзень паэзіі” яшчэ да выхаду ў свет словамі: “Чакаю зборніка!..” “Крэсіва” адзначыў грунтоўнай рэцэнзіяй Уладзімір Караткевіч…

Але ці не пра тое я ўсё, да чаго можна прышпіліць, пры жаданні, ярлычок “самаўхілення” (бароньбог – “самаўхвалення”)? Не, гэта пра тое, што так ці інакш адбывалася ў гравітацыйным полі ўсё таго ж Саюза – Саюза пісьменнікаў. Пра Саюз агульны – праз маё асабістае…

“Пропуск” на сяброўства ў ім абгрунтавала кніжка “Крэсіва”, а рэкамендацыі далі мне Рыгор Бярозкін, Мікола Аўрамчык, Міхась Стральцоў… З такім “рэкамендацыйным шчытом”, сапраўды, можна было ісці на пісьменніцкі “ўступны экзамен”…

Можна толькі лічыць за гонар: быць з такімі творцамі ў адным Саюзе.

 

Сяброўства ў СП

 

Не, я не ў крыўдзе на яго, на той Саюз, першымі сябрамі якога былі Янка Купала і Якуб Колас. Шчаслівы, што выпала магчымасць сустрэцца і слухаць самаго Канстанціна Міхайлавіча.. Слова яго было кароткае, але па-бацькоўску шчырае, простае і зычлівае. Гаварыў Якуб Колас, як трэба шанаваць роднае слова, берагчы талент, дадзены Богам, не растрачваць яго попусту…

Саюз даў творчую і жыццёвую падтрымку. А галоўнае – на ўсё гэтае жыццё – сяброўства, таварыскасць. І – школу. Слынныя пісьменнікі, майстры мастацкага слова не адгароджваліся “сцяною Саюза” ад пачаткоўцаў, хто ўступаў на літаратурны шлях. Не магу прыгадаць, каб хтосьці таленавіты быў “заціснуты”, “закрэслены”… А спрыянне і ўвага былі і патрабавальныя, і добразычлівыя… Семінары маладых пісьменнікаў – у Дамах творчасці “Каралішчавічы”, потым “Іслач” – праводзіліся рэгулярна і заўсёды сур’ёзна рыхтаваліся…

Помніцца, як перад пісьменніцкай грамадой выступаў са своеасаблівай творчай справаздачай настаўнік, пакліканы з Оршы, Уладзімір Караткевіч, аўтар усяго толькі аднаго надрукаванага ў часопісе “Полымя” верша. Але затое – які гэта быў верш, – “Машэка”! Прачытаў яго паэт, – можна сказаць, паўтарыў, бо ўсе ўжо ведалі тыя строфы, цытавалі на памяць. Прачытаў яшчэ – з ненадрукаванага, – і тут жа прагучала аднадушнае: “Прыняць Уладзіміра Караткевіча ў сябры Саюза пісьменнікаў”. Што ні кажыце – мудры быў Саюз! Далёка наперад глядзеў. Прадбачыў – і не памыліўся!

Сяброўства ў Саюзе пісьменнікаў было і прызнаннем, і стымулам. А яшчэ – імкненнем не здрадзіць, быць верным таму, што пакутліва шукаў, да чаго імкнуўся і што аднойчы шчасліва адкрылася мне: быць верным самому сабе – і ў творчасці, і ў непасрэднай рэдакцыйнай працы ў часопісах “Бярозка” і “Маладосць”, дзе, канечне ж, даводзілася і штосьці адстойваць, і штосьці аспрэчваць…

Журналісцкая практыка давала добрую магчымасць пастаянна сустракацца з людзьмі – не толькі аўтарамі, але і чытачамі. Менавіта якраз тут і можна было праверыць, наколькі пульс літаратурнага жыцця адпавядае пульсу жыцця агульнага. І наогул, рэдакцыйныя клопаты па-добраму ўзбадзёрвалі, а штодзённая праца са словам, тэкстам (аўтарскім) несумненна падказвала штосьці, дапамагала акрыляцца і тваім рыфмалетуценням…

Асаблівая ўдзячнасць газеце “Піянер Беларусі”: яна падахвочвала мяне, падказваючы вясёлыя “сюжэты” для “дзіцячых” вершаў (а было тое, якраз тады, калі я нёс “послух маўчання”, – так што мая “паэтычная галадоўка” была не зусім “сухая”, струменьчык жывіўся…)

Дыплом журналіста як бы аберагаў свае “суверэнныя валоданні”, аж пакуль не з’явіліся“сваты”: мяне пачалі падгаворваць перайсці на працу ў сакратарыят Саюза пісьменнікаў… Не хацелася пакідаць таленавіты, па-сяброўску дружны калектыў часопіса “Маладосць”… Але “сватанне” было настойлівае…

 

«Кіраўніцтва»

 

Што змянілася пасля майго абрання ў “саюзнае кіраўніцтва”? Са мной – амаль нічога, апроч кабінета, стала ды новых абавязкаў. Творча я заставаўся тым жа – самім сабой.

А вось службовых, арганізацыйна-будзённых клопатаў навалілася – дай божа!.. Але ён жа, здаецца, не адмаўляў і ў спрыянні. Праца побач з Максімам Танкам, Нілам Гілевічам, Іванам Чыгрынавым, Барысам Сачанкам надавала ўпэўненасці, развейвала сумненні…

Саюз пісьменнікаў… Саюз лёсаў, саюз творчых памкненняў і, калі хочаце, іншы раз – амбіцый…

Не, гэта не нейкі “агульны кацёл”, у якім гатуецца “кніжнае варыва”…

Мудра вызначыў паэт Анатоль Вярцінскі духоўна-маральную катэгорыю – “чалавечы знак”. Кожны мае яго, і ў кожнага ён свой, асаблівы, і да кожнага ёсць адзіна-непаўторны ключык, эксклюзіўны, як сказалі б сённяшнія інтэлектуалы. А калі чалавек творчы, катэгорыя гэтая ўзрастае, наэлектрызоўваецца ў разы…

У разуменні чалавеча-духоўных і мастацка-творчых лабірынтаў і ў стаўленні да іх несумненны прыклад падаваў Максім Танк. Ён не дапускаў і спробы, каб узвысіць сябе над кімсьці, да кожнага ён знаходзіў адметнае слова, заўсёды сказанае проста, па-таварыску. Ніякай “фанабэрыі”, – заклапочанасць дык заклапочанасць, жарт дык жарт, шчыра, ад душы…

Я кожны дзень бачыў гэта і матаў сабе на вус. Ды і свой сціплы досвед меў. Ён падказваў: “Ты абраны тут, у Саюзе пісьменнікаў, не “літаратурай кіраваць”, а, помнячы пра той “ключык”, выслухаць творчага чалавека, пастарацца зразумець яго клопат, пэўна ж, на той момант вельмі важны для яго, і ў меру сваіх сіл дапамагчы яму, параіць, падказаць… І людзі, здаецца мне, адгукаліся сустрэчным разуменнем. Ускоснае (а можа, і прамое) пацверджанне таму штораз “прыносілі” мне вынікі таемнага галасавання на ўсіх “кіраўнічых” выбарах СП: з соцень бюлетэняў колькасць з “адмоўнымі адзнакамі” ўмяшчалася звычайна ў межах “каля дзясятка”. Было б інакш – я не затрымаўся б з асабістымі высновамі… “З людзьмі – па-людску”, – так вучыў мяне калісьці бацькоўскі запавет, такі наказ давала ў дарогу спрадвечная сялянская мудрасць…

У гэтым сэнсе мяне павесяліла, як адзін бойкі на слова журналіст узяўся выяўляць “заганы” ў “паставах” кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў: у каго якая… Дайшло да таго, што ў аднаго з іх ніякай “паставы” (“правадырскай” ці што?) не заўважыў…

Што ж, воля кожнага “пафантазіраваць” – “асадкай” ці камп’ютарнымі клавішамі… А як для мяне, то лепш за ўсялякую “паставу” мець звычайны, без штучнай натугі чалавечы выгляд, не губляць – ва ўсім і заўсёды – сваю боскую адмеціну, свой “чалавечы знак”. І пры выпадку прыгадваць хаця б вось гэтае папярэджанне паэта Мікалая Забалоцкага:

 

Нет на свете печальней измены,

Чем измена себе самому…

 

Мая сакратарская “дзялянка” ў Саюзе пісьменнікаў вызначалася працай секцыі паэзіі і Дома літаратара. І трэба падкрэсліць, што якраз на яго базе – Дома літаратара – пераважна і снавалася літаратурна-творчае жыццё. Паседжанні секцый, тэматычныя і юбілейныя вечары, сустрэчы… Планы метадычнага аддзела Дома літаратара заўсёды былі насычаныя і змястоўныя. І як тут не прыгадаць шчыраўніц – сур’ёзную і засяроджаную Марыю Арочка, а пасля – узнёслую і летуценную Ірыну Марачкіну. Захапленню і старанню іх не было мяжы. І ніякай мітусні, адладжаны рытм. Гэта з захапленнем адзначаў і мой “зменшчык” на сакратарскай пасадзе Алесь Пісьмянкоў… Амаль усе вечары Дома літаратара – з удзелам актораў (пераважна купалаўцаў), спевакоў, музыкаў – запісваліся з наступнай трансляцыяй на ўсю рэспубліку. Гэта быў росквіт тэле- і радыё-літаратурнага супрацоўніцтва. Нагадаю: там, начале Белтэлерадыё, быў у нас свой чалавек – выдатны паэт Генадзь Бураўкін.

Літаратурныя сустрэчы на самых розных прадпрыемствах – і гарадскіх, і сельскіх (самага разнастайнага профілю), у навучальных установах выклікалі ў людзей шчырую зацікаўленасць. Пісьменніцкія выступленні, якія арганізоўвала наша Бюро прапаганды мастацкай літаратуры, здаецца, не абмінулі ніводнага, самага аддаленага раёна і кутка Беларусі…

Усё гэта абуджае сёння толькі настальгічныя ўспаміны… Так было. Але…

 

Новыя «гаспадары»

 

Але падступіліся падзеі 90-х гадоў… Яны і кінулі Саюз у “кратар”. Пачалася не праца, а барацьба за выжыванне. Першым аб’ектам супраціву стаў Дом літаратара, дзе на той час знаходзілі сабе прытулак “лятучкі” актыву непажаданага для ўладаў дэмакратычнага грамадзянскага руху з непажаданымі ідэямі і планамі. А гэта не магло заставацца незаўважаным . Не дапамагло і тое, што дырэкцыя Дома літаратара прапанавала пэўную “маскіроўку” – афармляць арэнду (за сімвалічную плату), – “рыначныя адносіны”, маўляў… Паступіла высокая рэпліка – “прыкрыць гняздо”… А разам з тым – распараджэнне перавесці Дом літаратара на баланс Упраўлення справамі прэзідэнта. А тое азначала прыход новага гаспадара з яго парадкамі, службамі і вартаю…

Так яно потым і атрымалася…

Але перад гэтым доўжылася ці не пару гадоў “перацягванне каната”. Саюз пісьменнікаў усімі спосабамі імкнуўся давесці, што Дом літаратара – яго ўласнасць, што ён будаваўся на сродкі Літфонда, а з супрацьлеглага боку налягалі розныя праверкі з адзінай мэтай пацвердзіць дакументальна дзяржаўнае фінансаванне. Гэтая акалічнасць акцэнтавалася асабліва, бо Дом літаратара трапіў у “пераводны” спіс разам з іншымі арганізацыямі, статус якіх з самага пачатку вызначаўся як дзяржаўны, а ў нашым выпадку – “аб’ект”, так бы мовіць, грамадскага (ды яшчэ і творчага) чыну… У спрэчку была падключана цытата з выступлення П. М. Машэрава на пісьменніцкім з’ездзе ў новым будынку Дома літаратара, дзе падкрэслівалася, што гэта падарунак пісьменнікам ад дзяржавы. А калі так, значыць, і фінансы задзейнічаны дзяржаўныя… Тады ўзнік контраргумент. Ён грунтаваўся на адным з пунктаў Палажэння аб грамадскіх арганізацыях, якое дзейнічала на той час і сцвярджала, што ўсе сродкі – матэрыяльныя і фінансавыя ў тым ліку, якія паступаюць творчай арганізацыі ў якасці ахвяраванняў, дапамогі, падарункаў, робяцца яе ўласнасцю… Ды што з таго, калі ўсе былыя прававыя адносіны і акты “спісваюцца” адным новым распараджэннем… “Падарункі не адбіраюцца…” – скажаце?.. Як дзе і як у каго…

Ды і ці ў гэтым таілася сутнасць? Адзін з кагорты “правяральшчыкаў” (здаецца, і сам патрошкі грашыў “рыфмоўкай”) “шчыра”, але “па сакрэце” падказваў, што нічога з нашых намаганняў не атрымаецца: усё ўжо вырашана. Адзіны паратунак у Саюза пісьменнікаў: зрабіць крок насустрач уладным пажаданням – і ўсё стане на сваё месца. Ну а якія “пажаданні” – сакрэту асаблівага не было: “Каму служыце?”

Крок гэты не быў зроблены…

Рабіліся ж іншыя захады.

Дамовіліся правесці дэманстрацыю пратэсту – на вуліцы: “Фрунзе – 5, Будынак Дома літаратара”… Ды такая ўжо ў нас даўняя, закажанелая звычка: махаць кулакамі “да” і “пасля”. А ў самы неабходны момант рашуча “скіснуць”, знікнуць… Згадваецца, па аналогіі, як нашы мачулінскія кавалеры калісьці падаліся на каляды ў суседнюю вёску Прудзец – падкарагодзіць тамашніх прыгажунь. Ды прудзецкія дзецюкі не дужа ўшанавалі гэтыя “залёты” і турнулі-такі мачулінцаў.

Адступалі тыя нацянькі, па заснежаным балотным цаліку, – дарога была “перарэзана”… Дык вось адзін з “нашых”, Пеця, ускочыўшы дома на печ, адагрэцца, схапіў у руку качалку для бялізны і загукаў: “Во цяпер бы мне тыя прудчане!..”

Лежачы на печы (седзячы за пісьмовым сталом), усе, выяўляецца, храбрыя. А вось жа як спатрэбілася сабрацца ля Дома літаратара, дык нават той, хто абяцаў уласным целам трымаць абарону на ганку, не з’явіўся… Праўда, і наяўных пратэстоўцаў хапіла, каб “запоўніць” адведзеную для пікета колькасць (так была “атэставана” акцыя афіцыйна, і падлік пільна вёўся з прысуседжанага на “паркоўку”нейкага “уазіка” ці яшчэ якой трасцы з усёй патрэбнай амуніцыяй…) Ну дык і што – а вось бы сабралася не два дзясяткі, а дзве сотні, – і выходзілі б на тое пікетаванне за ратаю рата. Затое б колькасць была якая!..

Не дапамагла і спасылка на вельмі яскравы і пераканаўчы прыклад: у суседніх дзяржавах, былых эсэсэсэраўскіх рэспубліках, будынкі-офісы пісьменніцкіх саюзаў былі спецыяльнымі ўрадавымі актамі маёмасна замацаваныя за гэтымі арганізацыямі (творчымі, перш за ўсё!) – з дзяржаўным клопатам аб літаратуры.

Нарэшце, бадай ужо на апошнім парозе ў “хаджэннях па ісціну”: Вярхоўны гаспадарчы суд РБ.

Вяла нашу справу абаронца, дарэчы, не толькі выдатны юрыст, але і паэтка – Вера Страмкоўская. Дык вось і тут суддзя, яе колішні аднакурснік, сказаў прыкладна тое ж самае “па сакрэце”: “Справа бесперспектыўная…”

Завяршэнне – фактычнае закрыццё Дома літаратара. Знікла нават сама назва: на будынку замест шыльды з адпаведным надпісам з’явілася: “Адміністрацыйны корпус №… і г. д.”

Сітуацыя гэтая згадваецца, можа, залішне падрабязна, але з намерам на адным прыкладзе патлумачыць, у якіх “афіцыйных абдымках” апынуўся творчы Саюз… Ды і грэх не заўважаць, хай сабе і эпізадычныя, закіды, – як водзіцца запозненыя, наўслед, “задняй рашучасцю”, – маўляў, “не адстаялі”, “слаба змагаліся”…

“Увага” ж да Саюза пісьменнікаў не абмежавалася адным Домам літаратара (ды і не магла “абмежавацца” – не тое задумана было)… За гэтым, як паказаў час, падаспелі і іншыя “дзяржаўна-адміністрацыйныя” наступы…

А тое, што ніякага змагання за Дом літаратара не патрабавалася, пацвердзіла “трыумфальнае ўваходжанне” ў будынак новаўтварэння – “Саюза пісьменнікаў Беларусі” …

Успомнім, што назва гэтая “прысвоена”: яе меў наш Саюз пісьменнікаў ад самага пачатку, ад заснавання ў 1934-м годзе, а потым, пад час, пра які ідзе гаворка (другая палова 90-х гадоў), адбылося перайменаванне ў “Саюз беларускіх пісьменнікаў” – паводле забароны ўжываць слова “Беларусь” у назвах грамадскіх арганізацый… А во, бачыце, і “ забарона” не дзейнічае…

Новаўтварэнне гэтае, пэўна ж, і сталася тым “замоўленым” крокам. І адразу ж пайшлі сустрэчныя прэферэнцыі…

А ў прынцыпе гэта быў удар па пісьменніцкаму адзінству, якое не адно пакаленне славутых майстроў літаратуры мацавала сваім аўтарытэтам, а потым адстойвала і абаряняла як  гарант у змаганні за родную мову, нацыянальную культуру, духоўнаую спадчыну народа. Нагадаем тут прысвечаны гэтаму апошні ліст Народнага песняра Якуба Коласа , ліст у ЦК КПБ, ліст-папярэджанне і ліст-запавет… Нагадаем, што і аксакалы, на якіх меліся “разлікі”, – народныя пісьменнікі Іван Пятровіч Шамякін ды Іван Якаўлевіч Навуменка, – не падтрымалі “новаўтварэнне”, пажадалі застацца вернымі Саюзу, якому аддалі ўсе свае творчыя гады, Саюзу купалаўска-коласаўскаму.

Альтэрнатыва адзінству ў нашай сітуацыі нясе толькі адмоўны знак. . Мацаваць трэба згуртаванне, а не разбураць…

А можа, і добра: раздзяліўшыся, аб’яднаемся?.. Думка “ерэтычная” – але ж мы бачым, як узрастае маладое, вясновагалосае дрэва: шэрагі Саюза беларускіх пісьменнікаў папаўняюцца, умацоўваюцца – ідзе таленавітая моладзь. А гэта – і надзея, і гарантыя будучыні нашай літаратуры.

“Расці, умацоўвайся, дрэва”, – скажам словамі Максіма Багдановіча. І пацвердзім Пушкінскімі: “Сябры мае, цудоўны наш саюз!..”

  

З асабістай справы Васіля Зуёнка

РЭКАМЕНДАЦЫІ ў СП

 

«Васіль Зуёнак выдаў першую кнігу сваіх вершаў “Крэсіва”.

Гэта – дэбют вельмі здольнага, на маю думку, маладога паэта, які валодае каштоўнай здольнасцю па-свойму бачыць і ўвасабляць у вершы вялікі свет падзей, рэчаў, з’яў.

У В.Зуёнка своеасаблівы – вынаходлівы, тонкі, лірычны – падыход да прыроды. Ён ведае сапраўдную цану чалавечай працы і ўмее расказаць пра гэта, не паўтараючы іншых. У Зуёнка – жывое адчуванне пераемнасці часу, пачуццё гісторыі, праўда, выкананае пакуль што з недас-татковай глыбінёй, але па-маладому шчыра і горача.. Зуёнак свабодна валодае словам, і слова яго слухаецца.

Карацей, у Васіля Зуёнка, які добра паказаў сябе ў першай кніжцы, ёсць усе магчымасці вырасці

ў цікавага, самабытнага паэта, чый голас будзё чуцён у вялікім хоры беларускай савецкай паэзіі.

Рэкамендую В.Зуёнка прыняць у члены Саюза пісьменнікаў.

 

Бярозкін Р.С.,

Чл. СП з 1939г., № чл. білета 4036».

 

 

«Я ведаю Васіля Зуёнка як сціплага, сур’ёзнага чалавека і таленавітага паэта, які выдаў два зборнікі вершаў “Вясёлы калаўрот” і “Крэсіва”. Паэзія В.Зуёнка не крыклівая і не прэтэнцыёзная.

Якія б тэмы не закрануў паэт, ён заўсёды падыходзіць да вырашэння іх па-свойму, не збіваючы-ся на трафарэт і банальнасць.

Адным-двума трапнымі штрыхамі В.Зуёнак умее ажывіць, здавалася б, надакучлівую, шмат разоў перапетую тэму, знайшоўшы нейкі новы ход ці паварот пры яе вырашэнні.

Нават у малых прыродаапісальных рэчах ён стварае своеасаблівы настрой і лірычны малюнак.

Каб пераканацца ў гэтым, варта толькі прачытаць вершы В.Зуёнка: “Дом – страха ўзлятае…”, “Успамін”, “Соль”, “Помнік”, “Едзе восень…” і іншыя.

Я лічу, што Васіль Зуёнак па праву можа быць членам нашай пісьменніцкай арганізацыі.

 

Мікола Аўрамчык,

член Саюза пісьменнікаў БССР, білет №4024».

 

«Васіль Зуёнак упершыню звярнуў на сябе ўвагу чытачоў і крытыкі як аўтар вершаў для дзяцей (зборнік “Вясёлы калаўрот”). Вясёлыя і вынахолівыя, вершы гэтыя падкуплялі натуральнасцю інтанацый, ненатужным пранікненнем у свет дзіцячай фантазіі.

Новыя мастацкія магчымасці аўтара яскрава раскрыліся ў зборніку “Крэсіва”, які вылучае зайздросная сталасць паэтычнай думкі, высокая культура радка, умелае, творчае выкарыстанне фальклору, далёкае ад бяздумнай стылізацыі і саладжавай падробкі пад народнасць. Да багаццяў народнай творчасці В.Зуёнак падышоў ва ўсёўзбраенні сучаснай паэтычнай культуры, з сучаснай, глыбока арыгінальнай і плённай думкай. Аўтар знайшоў для сябе (і не толькі для сябе) удалае творчае вырашэнне нядаўніх спрэчак пра традыцыйнае і наватарскае, у сваёй паэтычнай прак-тыцы не супроцьпастаўляючы адно другому. Прыклад, варты ўвагі і глыбока павучальны.

Несумненна, В. Зуёнак варты быць членам Саюза пісьменнікаў.

 

Міхась Стральцоў,

членскі білет №6454».

Фота Алены Казловай

Матэрыял апублікаваны ў "Літаратурнай Беларусі" № 91.

Прэсавая служба СБП