Васілю Жуковічу — 75!

Васіль Аляксеевіч Жуковіч

Шаноўны Васіль Аляксеевіч! Прыміце нашыя шчырыя віншаванні з юбілеем і пажаданні моцнага здароўя, даўгалецця, аптымістычнага настрою, дабрабыту, далейшай плённай творчай дзейнасці!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Васіль Жуковіч нарадзіўся 21 верасня 1939 года ў вёсцы Забалацце Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Брэсцкі педагагічны інстытут (1964). Працаваў у брэсцкай раённай газеце «Заря над Бугом», на Брэсцкай студыі тэлебачання, у газеце «Знамя юности», выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва», у Рэспубліканскім цэнтры эстэтычнага выхавання дзяцей і ў рэдакцыі часопіса «Полымя».

Друкуецца з 1956. Распрацоўвае жанры лірычнага, публіцыстычнага і жартоўна-гумарыстычнага верша, байкі, прытчы, эпіграмы і інш. (зборнікі «Паклон», 1974, «Мелодыя святла», 1976, «Суседства», 1982, «Цана цішыні», 1985, «Твая місія», 1988, «Разняволенне», 1990, «У храме хараства і смутку», 2003, «Каханне радасці й пакуты», 2004, «Не завіце Радзіму малой», 2009, «Цудадзейны вітамін»,2011, «Золата лістападу», 2012. Асноўныя тэмы творчасці — маральна-этычныя праблемы, краса роднай прыроды, балючы клопат пра нацыянальныя карані беларуса, стан роднай мовы, культуры.

У творах для дзяцей — добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даступна гаварыць з малым чытачом (зборнікі загадак «Казачны сад», «Крылатыя сябры», «Нашы памочнікі», усе 1976; зборнікі вершаў, казак, загадак «Тараскаў самакат», 1988, «Гуканне вясны», 1992, «Цудоўная краіна», 1997, «Ад казкі — да спектакля», 1998), «Свет дзівосны», 2000, «Пра што гаманілі рамонкі», 2012.

Аўтар лібрэта оперы-казкі «Пра тое, што было» (1991, муз. Э. Казачкова). На тэксты В. Жуковіча напісаны многія песні.

У прозе паказвае героя ў незвычайных абставінах (аповесць для дзяцей «Як адна вясна…», 1980), апавяданні «Дарчыны галубы», «Трывожны верасень», «Кволы».

На беларускую мову пераклаў зборнік апавяданняў П. Цвіркі «Салавейка» (1974), кнігу Наваі «Лірыка» (1993), паасобныя вершы Махтумкулі, А. Міцкевіча, А. А. Фета, С. Ясеніна, Т. Шаўчэнкі, Л. Украінкі, І. Франко, П. Грабоўскага, У. Сасюры, Л. Кастэнкі, І. Няходы, Т. Каламіец, П. Маха, Э. Межэлайціса, П. Мацева і інш.

Прэсавая служба СБП