Васілю Зуёнку — 80!

Васіль Васільевіч Зуёнак. Фота Алены Казловай

Шаноўны Васіль Васільевіч! Прыміце нашыя шчырыя віншаванні і пажаданні ўсяго найлепшага: моцнага здароўя, даўгалецця, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх справах, плённай творчай дзейнасці!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" 

Васіль Зуёнак нарадзіўся 03.06.1935 г. у вёсцы Мачулішча Крупскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1954 г. скончыў Барысаўскую педагагічную навучальню і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1959) працаваў у рэдакцыі газеты «Рабочае юнацтва» (Менск), з 1960 да 1966 г. - у газеце «Піянер Беларусі». Быў галоўным рэдактарам часопіса «Бярозка» (1972-1978). У 1966-1972 гг. - намеснік галоўнага рэдактара, у 1978-1982 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». У 1982-1989 гг. - сакратар, у 1989-1990 гг. - першы сакратар, з 1990 г. - старшыня СП Беларусі. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1966 г. Ганаровы сябра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000 г.). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра.

Выступае ў друку з вершамі з 1952 г.

Перакладае з расейскай, украінскай, балгарскай, польскай, славацкай, сербскай і іншых моў. Разам з Р.Барадуліным пераклаў кніжку вершаў У.Лучука «Возера-Бульдозера» (1978).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) за кнігу вершаў «Сяліба», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1982) за паэму «Маўчанне травы».


Адкуль прыводзіць сонечны заход...

Генадзю Бураўкіну

Адкуль прыводзіць сонечны заход Шчымлівых дум нястройныя чароды?.. Як быццам свет над прорвай стаў на дрот: Ці пройдзе, ці сарвецца назаўсёды? Ніхто не знае — ні чарот сівы, Ні плёс з адбіткам аблачын чырвоных, — Адкуль у неба гэткія правы, Каб наш пагляд палоніць заімглёны? Куды ляціш, маўклівы чалавек, За чым імкнешся? Сонца зноў узыдзе. — Я не за ім — я сам шляхі адсек I толькі на сябе за гэта ў крыўдзе. Яшчэ крыўдую, можа, на зямлю: Што так яна мяне прываражыла, Што так яе пакутна я люблю, Што так намёртва мне звязала крылы... Як гэтай рэчцы не спазнаць намер, З якім яна плыве да акіяна, — Так з берагоў яе імкне цяпер Мой думны позірк, мной не разгаданы, Да рысы той, дзе неба і зямля У Полымі сыходзяцца вячэрнім... I смутак мой — бо гэта знаю я — Што ад зямлі не будзе адрачэння... Гляджу на развітальную зару, Што лёс мой даляглядам перасекла, I не малюся — з небам гавару. А гэты міг — дастойны чалавека.

Васіль ЗУЁНАК
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"