Вайцюшкі натхняюць творцаў

У пленэры ўдзельнічалі мастакі і скульптары з Мінска і Гродна: Кацярына Сумарава, Алег Усціновіч, Валянціна Шоба, Ігар Засімовіч і Кацярына Зантарыя.

Убачыўшы ў шэрым валуне абрысы крылаў, скульптар Ігар Засімовіч тры дні шліфаваў і апрацоўваў камяні. Яны склалі кампазіцыю “Крылы” і былі ўмацаваны непадалёку ад сядзібы.

На чатыры дні прыехала ў Вайцюшкі скульптар і выкладчыца Кацярына Зантарыя. Звычайны шэры валун яна ператварыла ў стол, засланы рушніком, на якім па хатняму размясціліся чыгунок з бульбай і плошка з яблыкамі.

Скульптар Ігар Засімовіч і яго праца "Крылы"

“Працаваць тут нам спрыяла паветра і ўсё рабілася па натхненні!” -- кажа Ігар Засімовіч. Уладзімір Панцялееў з Гродна перадаў на пленэр сваю працу ў камtні “Лідзейка”. Яна сімвалізуе прыток Нёмана.

Кацярына Сумарава на фоне сваіх карцін

Алег Усціновіч зрабіў літары і пячаткі з дрэва. Кацярына Сумарава ператварыла магутны дубовы зрэз у скарынаўскі знак “Месяц і сонца”. Яе дачка Марыйка натхнілася скарынаўскімі літаграфіямі. Вядомая мастачка з Гродна Валянціна Шоба вырабіла літары і кампазіцыі з пяску. Пясок успрымаецца ёй як культурны слой.

Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі

4 чэрвеня на фестываль прыехалі больш 100 чалавек з Мінска і розных куткоў Гарадзеншчыны. Разнастайнай была літаратурная частка фестываля. Яна пачалася з прэзентацыі кнігі падарожных нататкаў “Простыя словы” З. Вайцюшкевіча.

Ва ўступным слове да выхаду кніжачкі Максім Жбанаў прызнаваўся: ”Мы дзесяць год працавалі са Змітром на Радыё Рацыя. Зміцер цудоўна распавядае, ён шыкоўны стыліст. Я вельмі рады, што нарэшце мы пачулі яго аўтарскі голас. Кніжку можна чытаць з любой старонкі, і гэта будзе стоадсоткавая музыка і драйв. Сэнс кніжкі ў тым, што яна даўжэйшая за радыё. Гэта працяг нашай радыёгісторыі.Тут ёсць аўтарская шчырасць і сапраўднае беларускае прамаўленне. Атрымаўся лірычны дзённік у свабодным фармаце”.

На фестывальнай сцэне з чытаннем вершаў выступілі маладыя лірыкі і аўтарытэтныя ў літаратуры асобы: Віталь Рыжкоў, Наста Кудасава, Аксана Спрынчан, Алесь Ліпай, Уладзімір Някляеў. Акрамя таго з вуснаў актывістаў ТБМ прагучалі вершы Ларысы Геніюш, Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Уладзімір Някляеў

Разважаючы пра падрыхтоўку да юбілеяў волатаў і песняроў Я. Купалы і Я. Коласа, Уладзімір Някляеў адзначыў, што дзяржаўныя юбілейныя мерапрыемствы хутчэй за ўсё будуць насіць сухі фармальны характар, а ў той час неабходна, каб паэзія нашых волатаў даходзіла да сэрцаў людзей.

У. Някляеў паведаміў, што напісаў аповесць, прысвечаную Я. Купалу, дзе ён імкнуўся перагледзець факты жыцця і гібелі паэта ў 1942 годзе, а таксама пераасэнсаваць сваю творчасць з вышыні ўзросту, большага за купалаўскі. Яго дэкламацыя вершаў і ўрыўка з паэмы “Прошча” атрымалася узрушанай і эмацыйнай. У фармаце “Вольны мікрафон” выступілі паэты з Берасцейшчыны.

Зміцер Вайцюшкевіч

Арганізатар, мэнэджар і дырэктар фестывалю З. Вайцюшкевіч быў прыемна ўражаны вялікай колькасцю гасцей, у тым ліку і дзяцей. Ён падзякаваў усім удзельнікам пленэра і літаратурных чытанняў, і гасцям сядзібы. Спявак зладзіў невялікі канцэрт з папулярных твораў для грамады, а потым са спевамі выступіў С. Чарняк з Ліды.

Фестывалі на Нёмане, арганізаваныя артыстам, з кожным годам набываюць большую папулярнасць. Падобныя імпрэзы пройдуць сёлета ў ліпені і жніўні.

Эла Дзвінская, фота аўтара