Вечар і адкрыццё выстаўкі да 65-годдзя Яўгеніі Янішчыц – 20 лістапада

Яўгенія Янішчыц

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

“Непрыручанай птушкай” Палесся засталася яна ў свядомасці многіх. Яўгенія Янішчыц жыла заўсёды на мяжы двух светаў: рэальнага і ўяўнага. Талент “Палескай ластаўкі” сягаў высока ў неба, у той жа час як душа была злучана з зямлёю, сваім краем, з роднымі мясцінамі. Радзіма, Беларусь, дзяцінства – вось тыя крыніцы, якія поўнілі духоўнай энергіяй яе лірыку. Па словах Васіля Быкава, “Жэня была самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтэс Беларусі, самая цнатлівая і дасканалая”.

Адной з лепшых старонак беларускай паэзіі стала інтымная лірыка Я. Янішчыц, у ёй найбольш выразна раскрылася незвычайнае духоўнае святло чалавечай і творчай асобы. Як адзначыў Васіль Жуковіч, “...Жэня здолела перадаць складаны і зменлівы стан чалавечай душы, дзе сутыкаюцца святло і морак, захапленне і расчараванне, радасць і туга, надзея і адчай. Усё ў яе творах глыбока ўражвае”.

Да мерапрыемства бібліятэка падрыхтавала выстаўку “Пачынаецца ўсё з любві…”, якая пазнаёміць з творчай спадчынай нашай славутай паэтэсы: першыя публікацыі ў літаратурных зборніках, першыя паэтычныя зборнікі “Снежныя грамніцы” (1970), “Дзень вечаровы” (1974). Сярод экспанатаў выстаўкі і апошнія кнігі Я. Янішчыц (“Каліна зімы”, “У шуме жытняга святла”) сучасные публікацыі, перавыданні яе твораў. Яе вершы перакладзены на англійскую, балгарскую, грузінскую, літоўскую, рускую, нямецкую, французскую і іншыя мовы свету, але Я. Янішчыц і сама была цікавым перакладчыкам. На выстаўцы будуць прадстаўлены яе пераклады на беларускую мову твораў рускіх, украінскіх аўтараў, а таксама літаратурна-крытычныя артыкулы Я. Янішчыц. Асобны раздзел выстаўкі прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху паэтэсы.

У праграме мерапрыемства — выступленні родных, сяброў, аднакурснікаў, калег, добрых знаёмых Яўгеніі Янішчыц. Творы паэтэсы будуць гучаць у выкананні заслужанай артысткі Беларусі, адной з вядучых актрыс Тэатра юнага гледача — Ларысы Горцавай, песні на словы Я. Янішчыц выканае лаўрэат міжнароднага конкурсу імя Г. Герман — Надзея Бронская.

Паводле прэс-рэліза

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"