Вечар "Згадваем прызабытыя імёны" — 12 снежня

Няўмольны час неаднолькава ставіцца да творчай спадчыны таленавітых пісьменнікаў, з якімі жорстка абышлася гісторыя: некаторыя былі незаслужана пакараныя ў 1930-я гады. Шмат іх імёнаў пералічана ў двухтомніку Леаніда Маракова “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі” (2003). Згадваючы іх сёння, мы аддаем даніну павагі таленту тых, хто пры іншых жыццёвых абставінах мог яшчэ больш узбагаціць беларускае прыгожае пісьменства сапраўднымі літаратурнымі скарбамі.

Пад псеўданімам А. Мрый працаваў Андрэй Шашалевіч (1893 – 1943), родны брат драматурга Васіля Шашалевіча. Нарадзіўся гэты беларускі Ільф і Пятроў у адной асобе ў жніўні 1893 года ў вёсцы Доўгавічы (Мсціслаўскага раёна, а не Палуж Краснапольскага, як звычайна пішацца ў даведніках). Асноўны твор А. Мрыя – сатырычны раман “Запіскі Самсона Самасуя”, упершыню надрукаваны ў 1929 годзе ў некалькіх нумарах часопіса “Узвышша”,  перадрукаваны ў 1988 годзе ў “Полымі” і амаль тады ж перакладзены на нямецкую і рускую мовы. Менавіта гэты выдатны сатырычны твор стаў адным з аргументаў, каб асудзіць яго аўтара да ссылак у лагеры. Ён, хворы, трагічна загінуў ужо на свабодзе ў 1943 годзе, вяртаючыся да родных. Напісанае ў выганні, зняволенні страчана і пакуль не знойдзена.

У параўнанні з А. Мрыем, лёс грузінскай, беларускай і рускай пісьменніцы Тамары Цулукідзэ, заслужанай артысткі Грузіі, склаўся больш шчасліва. Нарадзілася яна ў Тбілісі  6 снежня 1903 года. Як жонка ворага народа з 1937 па 1946 год знаходзілася ў турмах, лагерах, на лесапавале. Пазней была саслана ў Краснаярскі край, дзе і пазнаёмілася з беларускім пісьменнікам Алесем Пальчэўскім, пасля рэабілітацыі пераехала да яго ў Мінск. Тут грузінка вывучыла беларускую мову – пісала на ёй і перакладала з яе. Памерла Т. Цулукідзэ ў 1991 годзе.

Да мерапрыемства падрыхтавана прэзентацыя з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

На сустрэчу запрошаны родныя А. Мрыя (сярод іх дачка пісьменніка, кандыдат філалагічных навук, даследчыца карэльскай літаратуры Наталля Прушынская), пісьменнікі, даследчыкі творчасці рэпрэсаваных пісьменнікаў, студэнты. Падчас мерапрыемства прагучаць песні ў выкананні суайчыннікаў Т. Цулукідзэ, якія пражываюць у Беларусі.

Паводле прэс-рэліза