Вечар да 100-годдзя Эдзі Агняцвет — 11 кастрычніка

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Аўтар паэтычных зборнікаў “Маё пакаленне”, “Беларуская рабіна”, “І смутак, і святло”, кніг паэзіі для дзяцей “Краіна маленства”, “Мы сур'ёзныя, мы вясёлыя”, “Доктар Смех”, “Ад зярнятка да вясёлкі”, “Хто пачынае дзень?”, “На двары алімпіяда?” і інш. Шматлікія яе вершы былі пакладзены на музыку. Сярод іх вядомыя песні – “Міша Камінскі”, “Фіялкі”, “Мы яшчэ сустрэнемся”, “Зямля з блакітнымі вачамі” і інш. Перакладала на беларускую мову творы С.Міхалкова, І.Такманавай, П.Ж.Беранжэ, А.Экзюперы, Г.Апалінэра і інш. Узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х.-К.Андэрсена за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей “На двары алімпіяда”.

Да імпрэзы бібліятэка падрыхтавала выстаўку “Гэта – і сэрца і розум, неба мае і зямля”, на якой прадстаўлены асноўныя творы Э. Агняцвет. Падчас мерапрыемства адбудзецца адкрыццё літаратурна-дакументальнай выстаўкі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, дзе будуць прадстаўлены нататнікі, рэдкія фотаздымкі, кнігі з аўтографамі, цікавыя лісты да Э.Агняцвет ад сяброў, блізкіх людзей і калег па творчасці, перададзеныя пісьменніцай у фонды музея. Упершыню будуць дэманстравацца альбомы з малюнкамі вучняў па творах Э.Агняцвет. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае паўдзельнічаць у мерапрыемстве выпускнікоў 1976 года СШ г. Мінска № 93 і № 100.

У праграме вечара запланавана прэзентацыя кнігі твораў Э.Агняцвет, што друкаваліся на старонках часопіса “Вясёлка”, выступленні вядомых беларускіх пісьменнікаў, навукоўцаў, родных паэткі. Падчас мерапрыемства ў запісе прагучаць музычныя творы на словы Э.Агняцвет. Самых актыўных і кемлівых чакаюць падарункі-агняцвецікі і сюрпрызы ад часопіса “Вясёлка”.

Паводле прэс-рэліза

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"