Вечар да 80-годдзя з Дня нараджэння Вячаслава Адамчыка — 5 лістапада

Вячаслаў Уладзіміравіч Адамчык

Вячаслаў Уладзіміравіч Адамчык нарадзіўся 1 лістапада 1933 года ў вёсцы Варакомшчына ў сялянскай сям'і. Яму было ўсяго шэсць гадоў, калі адбылося ўз'яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, восем – калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Што можна запомніць у такія гады? А запомнілася многае і надоўга, якраз столькі, каб на ўсё, што пішуць пра той час, мець свой уласны погляд.

Першыя спробы пяра Вячаслава Адамчыка паказалі, што ў літаратуру прыйшоў сапраўдны майстар мастацкага слова: адметны і непаўторны. За гады літаратурнай працы з-пад яго пяра выйшлі шматлікія зборнікі прозы (“Свой чалавек”, “Млечны шлях”, “Міг бліскавіцы”, “Дзікі голуб”, “Раяль з адламаным вечкам” і інш.), тры раманы – “Чужая бацькаўшчына”, “Год нулявы”, “І скажа той, хто народзіцца…”, некалькі сцэнарыяў, п’еса “Раіса Грамычына”. Творам пісьменніка ўласцівы глыбокі псіхалагізм, стылёвая адметнасць, тонкі лірызм. Праца вядомага празаіка адзначана Літаратурнай прэміяй імя І. Мележа (1980), Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа.

Жыццёвы шлях Вячаслава Адамчыка абарваўся ў 2001 годзе, калі пісьменніку было толькі 67 гадоў. Пісьменнік мог бы яшчэ плённа працаваць, аднак і тая творчая спадчына, што засталася, выклікае захапленне. Ён быў добры і клапатлівы бацька, верны, адданы сям'і муж, выгадаваў і накіраваў на правільны шлях двух сваіх сыноў — Уладзіміра і Міраслава, якія таксама сталі пісьменнікамі, жывуць у Беларусі, размаўляюць на роднай мове.

Да мерапрыемства падрыхтавана выстава з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На сустрэчу запрошаны родныя Вячаслава Адамчыка, блізкія сябры, пісьменнікі, студэнты. Падчас мерапрыемства выступяць даследчыкі творчасці Вячаслава Адамчыка, прагучаць успаміны людзей, якія блізка ведалі пісьменніка, сябравалі з ім. У прысутных будзе магчымасць паслухаць ўрыўкі з твораў пісьменніка.

Уваход вольны

Месца правядзення: галерэя “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116)

 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"