Вечар да 55-годдзя з дня нараджэння Алеся Пісьмянкова

24 лютага а 17.00 у Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца літаратурная вечарына, прысвечаная Алесю Пісьмянкову, у якой возьмуць удзел літаратары Леанід Дранько-Майсюк, Васіль Зуёнак, Эдуард Акулін, Навум Гальпяровіч, Віктар Шніп, кампазітар Валянцін Кавалёў, бард Пётр Русаў.
Адрас музея: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13 (Траецкае прадмесце).
Даведка:
Алесь Пісьмянкоў – беларускі паэт, нарадзіўся 25 лютага 1957 г. у вёсцы Іванаўка Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
У школе А. Пісьмянкоў рана пачаў пісаць вершы, але сур'ёзнай увагі ім не надаваў.
У 1974 – 1975 працаваў карэспандэнтам касцюковіцкай раённай газеты «Сцяг камунізму». Тады ж асабіста пазнаёміўся з А. Пысіным, які прыязджаў на сустрэчу з членамі раённага літаб'яднання.
У 1975 паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1980.
У 1980 – 1982 працаваў карэспандэнтам газэты «Літаратура і мастацтва».
З 1982 – рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». З 1990 намеснік старшыні СП Беларусі.
Член СП Беларусі з 1984.
Першы верш надрукаваў у 1972 у касцюковіцкай раённай газеце «Сцяг камунізму». Дзесяцікласнікам даслаў падборку вершаў у «Магілёўскую праўду». У абласным і рэспубліканскім друку А. Пісьмянкоў выступаў з 1974. Яго вершам характэрна рамантычная ўзнёсласць, імкненне лірычнага героя да дабрыні, добразычлівае стаўленне да чалавека. Адначасова паэт непрымірымы да чэрствасці, абыякавасці, душэўнай глухаты. У яго вершах пачатковага этапа грамадзянскі пафас быў прыглушаны; потым паэт пачаў глыбей асэнсоўваць гістарычны шлях Бацькаўшчыны, творы набылі філасофскую заглыбленасць, эпічную непаспешлівасць і грунтоўнасць.
Памёр у 2004 годзе.
Бібліяграфія:
Белы камень: Вершы.- Мн., 1983. — 47 с.
Чытаю зоры: Лірыка.- Мн.: Маст. літ., 1988. — 87 с.
Планіда: Вершы.- Мн.: Маст. літ. — 1994. — 110 с.
Журавель над студняй: Вершы. — Мн., 1998. — 134 с.
Я не памру, пакуль люблю: Выбранае. — Мн.: Маст. літ., 2000. — 319 с.
Прэсавая служба СБП