Вечар памяці Генадзя Бураўкіна пройдзе ў Мінску

«Перадусім Беларусь» Генадзя Бураўкіна

Генадзь Бураўкін – паэт, журналіст, дыпламат, адзін з яркіх і самабытных прадстаўнікоў пасляваеннага пакалення. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы за кнігу вершаў “Варта вернасці (1980). Першыя вершы надрукаваў у 1952 годзе ў полацкай газеце “Сцяг камунізма”.

Перакладаў на беларускую мову вершы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў.

Укладальнік кнігі “Наш Быкаў” — першай кнігі ўспамінаў пра Васіля Быкава.

На вечарыне адбудзецца прэзентацыя кнігі “Перадусім Беларусь: згадваючы Генадзя Бураўкіна: гутаркі, успаміны, эсэ, дзённікі, прысвячэнні”, укладальнікам якой з’яўляецца Сяргей Шапран. Выданне падрыхтавана да юбілею паэта. Сярод удзельнікаў імпрэзы – аўтары гэтай кнігі: Міхась Скобла, Барыс Пятровіч, Васіль Зуёнак, Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Арлоў і інш.

Падчас мерапрыемства будуць прадстаўлены цікавыя матэрыялы з архіва паэта, якія Юлія Якаўлеўна Бураўкіна перадала ў фонды музея.

Запрашаем усіх аматараў творчасці Генадзя Бураўкіна на сяброўскую паэтычную вечарыну ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. М. Багдановіча, 7а).

Пачатак імпрэзы а 17-й гадзіне.