Вечар памяці Уладзіміра Чапегі адбыўся ў Мінску

Месца для правядзення сустрэчы было абранае не выпадкова. Сястра Уладзіміра Пятровіча Ніна, якая сёння апякуецца памяццю пра брата, збірае кнігі з яго перакладамі, публікацыі ў перыёдыцы, распавяла:

— Ён часта бываў у гэтым рэстаране, любіў бавіць тут час з сябрамі, за доўгай і нязмушанай гаворкай на розныя тэмы. Мой брат для мяне быў самым родным чалавекам. Ён быў любімым братам, старэйшым таварышам, добрым сябрам, дарадцам, прыкладам ва ўсім. Побач з ім я заўсёды адчувала сябе абароненай. Уладзімір Пятровіч быў вялікім “акуратыстам”, любіў, каб кожная рэч ведала сваё месца. Ужо будучы зусім хворым, калі ён з другога паверха спускаўся на кухню і бачыў, што нейкая рэч ляжыць не там, дзе патрэбна, абавязкова клаў яе на месца. Ён быў добрым, глыбока інтэлігентным, вельмі разумным і таленавітым. Паўсюль вучыўся толькі на выдатна, быў высока арганізаваным, таму паспеў зрабіць так шмат у галіне перакладу.

Першыя пераклады Уладзіміра Чапегі з’явіліся ў 1971 годзе. Дзякуючы Уладзіміру Пятровічу, па-нямецку выйшлі два тамы твораў Васіля Быкава, раман “Людзі на Балоце” Івана Мележа, кніга эсэ Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”, аповесць Анатоля Кудраўца “Раданіца”, проза Янкі Брыля, Лукаша Калюгі, Міхася Зарэцкага, іншых сучасных аўтараў.

Ён пераклаў многа беларускіх народных казак і па сутнасці стаў стваральнікам цэлай бібліятэкі беларускіх твораў на нямецкай мове. Многія з іх ужо даўно апублікаваныя і карыстаюцца попытам у чытачоў, але некаторыя яшчэ чакаюць прадстаўлення шырокаму свету.

Сам Уладзімір Чапега ў яшчэ не апублікаваных успамінах “Аскепкі жыцця”, якія ён пісаў, калі ўжо быў хворы, пра перакладчыцкую працу пісаў так:

“Цяпер я з цяжкасцю ўяўляю, як мог справіцца з такім вялікім аб’ёмам перакладаў на нямецкую мову. Бо, па-першае, я большую частку часу мусіў аддаваць службе, так што на перакладчыцкую працу мне заставаліся толькі гадзіны вольнага часу, вечары, ці рэдкія выходныя дні. Па-другое, наша кватэра была невялікая і амаль заўсёды поўная гасцей. Таму я мог сядзець над перакладамі познім вечарам”.

Уладзімір Арлоў

Найлепшы сябар Уладзіміра Чапегі пісьменнік Уладзімір Арлоў падчас сустрэчы распавёў:

— Мы ліставаліся з Уладзімірам, ён дапамагаў мне ліставацца з Норбертам Рандавам, братам яго жонкі Гундулы, які праз уплыў Уладзіміра стаў шчырым прыхільнікам і папулярызатарам беларускай мовы і літаратуры ў Германіі. Пасля сканчэння Інстытута замежных моў Уладзімір апынуўся ў ГДР, дзе служыў вайсковым перакладчыкам. Сам горад, у які ён трапіў, быў незвычайны, і, мне падаецца, таксама нейкім чынам уплываў на яго лёс. У Штрэліцы вельмі старажытны тэатр, тут скончыў гімназію знкаміты археолаг Генрых Шліман, які быў адкрывальнікам Троі, тут у музеі можна ўзяць ў рукі “Іліяду”, што натхніла Шлімана на галоўную справу яго жыцця.

Анатоль Вярцінскі

Алесь Разанаў

Кажуць, што беларускім пісьменнікам, якіх перакладаў Уладзімір Чапега, надзвычай пашанцавала. Як перакладчык Уладзімір Пятровіч выдатна адчуваў мову, умеў данесці думкі аўтара, створаныя ім вобразы. На імпрэзе прысутнічалі паэты Анатоль Вярцінскі і Алесь Разанаў, чые вершы былі пераствораныя Чапегам на нямецкай мове. Яны падзяліліся ўспамінамі пра сустрэчы з перакладчыкам, выказалі ўдзячнасць за тое, што іх тэксты загучалі па-нямецку.

Барыс Пятровіч

Алесь Пашкевіч

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч і намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч выказалі словы ўдзячнасці Ніне Пятроўне за шанаванне памяці пра брата, адзначылі ролю асобы гэтага выдатнага перакладчыка ў гісторыі беларускай літаратуры.

Галіна Іванюшына (злева) і Галіна Шаранда

Аднакурсніца Уладзіміра Чапегі Галіна Шаранда і яго вучаніца Галіна Іванюшына таксама падзяліліся ўспамінамі пра гэтага светлага чалавека.

Зрэшты, яшчэ не ўсе старонкі гісторыі жыцця і працы Уладзіміра Чапегі раскрытыя шырокаму чытачу. Чакаюць публікацыі фрагменты яго ўспамінаў “Аскепкі жыцця”, а таксама пераклады, зробленыя самастойна і ў супрацы з жонкай Улай і Норбертам Рандавам. Але паступова і яны адкрываюцца, публікуюцца. Зусім нядаўна ў Германіі выйшаў пераклад аповесці “Дзве душы” Максіма Гарэцкага, над якім працавалі Уладзімір Пятровіч і Норберт Рандаў. Кніга была прэзентаваная ў Берліне, і адна з аўстрыйскіх газет назвала гэты пераклад адным з самых цікавых выданняў, што за апошні час выйшлі на нямецкай мове.

Вера Дзядок, супрацоўніца Інстытута імя Гётэ ў Мінску, зазначыла:

— Мы кожны дзень у працы сутыкаемся з перакладчыкамі. Іх сёння вельмі мала. І я ўвесь час думаю, якое багацце магло б быць перададзена, каб у нас была магчымасць арганізоўваць гутаркі, сустрэчы, дыскусіі з Уладзімірам Пятровічам у межах парцы магчымага Беларускага інстытута. Вельмі цікава, як ён глядзеў на працу над перастварэннем твора. Для гэтага трэба быць вельмі дакладным, арганізаваным чалавекам, каб нічога не ўпусціць. На жаль, тое багацце перакладных кніг, прадстаўленых у гэтай зале, — сёння толькі мара для нашых калег. Уладзіміру Пятровічу пашчасціла, што ў яго была магчымасць выдаваць кнігі досяць вялікімі накладамі, сёння ж колькасць перакладных кніг надзвычай маленькая.

Кажуць, што чалавек жывы, пакуль пра яго памятаюць. Гэта банальнае, але досыць справядлівае выказванне. Таму можна быць упэўненым, што Уладзімір Чапега жыве і сёння — у нашай памяці, у дзясятках кніг, пераствораных з беларускай на нямецкую і з нямецкай на беларускую, душах сваіх сяброў, аднакурснікаў. Нават згадка пра тое, што Уладзімір Пятровіч вельмі любіў есці кутабы з мясам і зелянінай у “Астары”, смак гэтай азербайджанскай стравы, здольныя на хвіліну ўваскрасіць у памяці яго вобраз.

На вечарыне памяці Уладзіміра Чапегі ў “Астары” ўсе елі кутабы.

Тэкст і фота Марыны Весялухі, для lit-bel.org