Вечар памяці Валянціны Аколавай — 26 лютага

Валянціна Аколава

Вядомая беларуская паэтэса, перакладчык, член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Саюза беларускіх журналістаў Валянціна Аколава заўчасна пакінула гэты свет 24 снежня 2013 года. 25 ліпеня 2014 ёй споўнілася б 60...

Валянціна Васільеўна нарадзілася ў в. Мазуршчына Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Скончыла Полацкае педагагічнае вучылішча імя Ф. Скарыны, філалагічны факультэт БДУ. Працавала настаўніцай ў Ветрынскай школе-інтэрнаце, метадыстам наваполацкага Палаца культуры нафтавікоў, карэспандэнтам шматтыражнай газеты "Знамя новостройки" трэста № 16 "Нафтабуд", у рэдакцыі радыёвяшчання Наваполацкага ВА "Палімір", у выдавецтве "Юнацтва", літкансультантам газеты "Знамя юности".

Першыя вершы надрукавала ў 1968 г. Адзін з аўтараў паэтычнага зборніка "Сцяжына" (1983). Аўтар зборнікаў паэзіі:  "За тым лугам зеляненькім" (1987), "Вяртанне ў заўтра" (1990), "Я люблю сваю Беларусь" (1990), "Случарыны" (1994), а таксама паэмы-п’есы "Палачанка Ігрэна, альбо Вяртанне Скарыны" (1990). Паэзія Аколавай вызначаецца лірызмам, спавядальнасцю, сувяззю з фальклорам (выкарыстанне фальклорных матываў і вобразаў, народна-песеннай стылістыкі). Многія вершы пакладзены на музыку. Паэтэса займалася перакладчыцкай дзейнасцю з рускай, украінскай і славацкіх моў, у перакладзе на беларускую мову быў выдадзены зборнік вершаў М. Цвятаевай.

Мерапрыемства, наладжанае з ініцыятывы Беларускага радыё Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Гарадской бібліятэкай № 1 імя Л. Талстога, збірае сяброў і калег па пяру Валянціны Аколавай, усіх, хто цікавіцца беларускай паэзіяй, каб аддаць даніну памяці нашай вядомай паэтэсе.

Уваход вольны

Месца правядзення: Гарадская бібліятэка №1 імя Л.Талстога (станцыя метро "Інстытут культуры", вул. Маскоўская, 18).

Кантактны тэлефон: (017) 334-57-18.

Паводле прэс-рэліза

Прэсавая служба СБП