Вечар памяці Васіля Быкава -- 20 чэрвеня

20 чэрвеня 2013 года а 16-й гадзіне ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбудзецца сумеснае мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі “І зноў была нядзеля, як тады, у сорак першым...”, прысвечанае 72-й гадавіне з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 10-й гадавіне з дня смерці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

У сямнаццаць юнацкіх гадоў сустрэў вайну Васіль Быкаў, прайшоў праз яе пекла, на сабе адчуў яе антычалавечую сутнасць. У творчым лёсе франтавіка, пісьменніка, грамадзяніна тэма вайны стала галоўнай. Васілём Быкавым напісана шмат твораў, у якіх аўтар праявіў крыштальную праўдзівасць і шчырасць у паказе вайны, бо, на яго думку, “толькі праўдзівыя і толькі да канца асэнсаваныя сведчанні мінулай вайны могуць саслужыць чалавецтву патрэбную службу”. Сваімі творамі Васіль Быкаў папярэджваў нас і папярэджвае наступныя пакаленні аб недапушчальнасці новай вайны, якая можа стаць апошняй для чалавецтва.

97 працэнтаў салдат, што нарадзіліся паміж 1922-1924 гадамі, не вярнуліся дадому пасля той вайны. Лёсам было прадвызначана, каб Васіль Быкаў напісаў праўду пра сваіх аднагодкаў, чый лёс скалечыла вайна, пра тых, хто застаўся там назаўсёды і далучыўся да іх у гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Мерапрыемства распачнецца адкрыццём выставы “Пайсці і вярнуцца” з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. На сустрэчу запрошаны родныя Васіля Быкава, блізкія сябры, пісьменнікі, вайскоўцы. Падчас мерапрыемства выступяць  даследчыкі творчасці Васіля Быкава, прагучаць успаміны людзей, якія блізка ведалі пісьменніка, сябравалі з ім, будзе магчымасць паслухаць музычныя творы на ваенную тэматыку і ўрыўкі з твораў Васіля Быкава.

 

Уваход вольны

 

Месца правядзення: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, п. 601, чытальная зала рэдкіх кніг і рукапісаў).

Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"