Вечар памяці паэта Івана Лагвіновіча

Іван Лагвіновіч – аўтар кніг “Разлукі выраёвыя”, ”Піліпаўка”, “Ляда юдолі”, ”Далёкае і блізкае”, ”Палыновыя кветкі”, “Элегія палескага матыля”. Выбітны літаратар пражыў у Баранавічах амаль 20 год, яго прозвішчам названая адна з вуліц нашага горада.

У першы месяц 2015-га ён адзначаў бы сваё 75-годдзе. Але… У сакавіку 2011-га Івана Піліпавіча не стала. Каб ушанаваць яго памяць, і сабраліся літаратары, прыхільнікі паэзіі, блізкія Івана Лагвіновіча ў вёсцы Малькавічы, недалёка ад хутара Запрапасць, дзе 16 студзеня 1940 года нарадзіўся будучы паэт. На мерапрыемстве, якое ладзілася пад патранажам Ганцавіцкай цэнтральнай бібліятэкі, гучалі вершы і песні на словы Івана Лагвіновіча, у мясцовым музеі была магчымасць паглядзець экспазіцыю, якая распавядае пра яго творчасць.

Алесь Корнеў на вечарыне ў памяць баранавіцкага паэта Іван Лагвіновіча. Фота: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ http://www.gants-region.info

Алесь Корнеў

Так сталася, што ў юнацкія гады Іван Лагвіновіч з’ехаў на Данбас, дзе скончыў вучэльню і шмат год адпрацаваў шахцёрам. Але рускамоўнае атачэнне не скасавала любові да Радзімы і роднага краю. І апынуўшыся пасля выхаду на пенсію ў Баранавічах, ён адразу ўліваецца ў бурлівае жыццё мясцовых паэтаў. Менавіта пра гэта гаварыў у сваім прысвячэнні-вершы пра сябра баранавіцкі літаратар Алесь Корнеў. Корнеў перадаў у бібліятэку 50 экзэмпляраў кнігі Івана Лагвіновіча “Элегія палескага матыля”, якую той рыхтаваў да друку, але не паспеў выдаць пры сваім жыцці.

Алесь Касько на вечарыне ў памяць баранавіцкага паэта Іван Лагвіновіча. Фота: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ http://www.gants-region.info

Алесь Каско

Краязнаўца Міхась Маліноўскі з Баранавіч правёў для прысутных віктарыну і таксама перадаў у бібліятэку свае кніжкі. Выступалі на мерапрыемстве таксама зямляк Лагвіновіча Алесь Каско, які цяпер жыве ў Жабінцы, і пружанскі літаратар Мікола Папека. Госці наведалі магілу Івана Лагвіновіча на могілках у Малькавічах.

Вечарына ў памяць баранавіцкага паэта Іван Лагвіновіча. Фота: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ http://www.gants-region.info

На могіле Івана Лагвіновіча ў Малькавічах. Фота: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ http://www.gants-region.info

На магіле Івана Лагвіновіча ў Малькавічах.

Тэкст: Алесь Белы, intex-press.by

Фота: Віталь Герасіменя, gants-region.info