Вечарына ў гонар А.С.Пушкіна ў Магілёве

6 чэрвеня 2012 г., у дзень нараджэння А.С.Пушкіна, Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны каледж імя А.С.Пушкіна зладзіў вечарыну, прысвечаную памяці знакамітага рускага паэта. Былі агучаны біяграфічныя звесткі, звязаныя са знаходжаннем Пушкіна ў Магілёве, гучалі вершы магілёўскіх паэтаў Алеся Казекі і Анастасіі Кананковай, прысвечаныя паэту,  артысты тэатра пад кіраўніцтвам Алы Кусковай зрабілі інсцэніроўку вядомых пушкінскіх вершаў. 

У вечарыне прынялі ўдзел галоўны рэдактар мінскага часопіса “Планета – сям’я” Яўген Крыцкі, старшыня ГА “Рускае культурна-асветніцкае таварыства” Людміла Валодзька, а таксама госці з Варонежскай вобласці Расіі – паэты Віктар Будакоў і Васіль Кулікоў-Ярмонаў.

Завяршылася гэта цікавае і пазнавальнае мерапрыемства выступленнем старшыні Магілёўскага абласнога аддзялення СБП Міколы Яцкова, які падкрэсліў, што літаратура, культура і духоўнасць не маюць межаў, і трэба заўсёды шукаць і знаходзіць магчымасці аб’яднання ўсіх творцаў, якія самааддана працуюць на светлую будучыню сваіх народаў і дзяржаў.  Ад імя пісьменніцкай арганізацыі расійскім гасцям былі ўручаны памятныя падарункі.

 

Ул. інф.