Вечарына «Аркадзь Куляшоў. Ад Бесядзі да акіяна» — 6 лютага

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Асоба Аркадзя Куляшова займае выключнае месца ў культурнай прасторы нашай краіны. Прысвяціўшы творчай дзейнасці 52 гады з 64 пражытых, А. Куляшоў пакінуў невычарпальную спадчыну глыбокага маральна-этычнага, гуманістычнага, эстэтычнага зместу, узбагаціўшы беларускую літаратуру паэзіяй душы.

«Духоўнай энцыклапедыяй яго пакалення» называў Пімен Панчанка паэзію Куляшова. Вялікая колькасць вершаў А. Куляшова пакладзена на музыку, асаблівую папулярнасць атрымала песня «Бывай…» у выкананні легендарных «Песняроў» (музыка І. Лучанка). Адзін з самых таленавітых і шырока вядомых беларускіх паэтаў ХХ стагоддзя А. Куляшоў з’яўляецца таксама і сааўтарам сцэнарыяў фільмаў, такіх як «Чырвонае лісце» (з Алесем Кучарам, 1958), «Першыя выпрабаванні» (па трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», з Максімам Лужаніным, 1960—1961) і «Запомнім гэты дзень» (з М. Лужаніным, 1967).

Да мерапрыемства прымеркавана адкрыццё кніжнай выставы «…І сэрца абпалена смагай радка», якую падрыхтавала Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Творчая спадчына паэта вялікая і шматпланавая, яна налічвае каля 30 кніг паэзіі. Сярод экспанатаў выстаўкі і першыя зборнікі: «Росквіт зямлі» (1930), «Медзі дождж» (1932), «Па песьню, па сонца!.. » (1932), асобныя публікацыі добра вядомых паэм, сучасныя перавыданні. Творы А. Куляшова не аднойчы перекладаліся на іншыя мовы свету. На выставе прадстаўлены вершы паэта на рускай, украінскай, польскай, англійскай, літоўскай, балгарскай мовах, нават на таджыкскай, армянскай, мангольскай і іншых.

Асобны раздзел выставы пазнаёміць з таленавітымі перакладамі Куляшова на беларускую мову паэмы Аляксандра Пушкіна «Цыганы» (1937) і рамана ў вершах «Яўгеній Анегін» (1949), «Выбранай паэзіі» Міхаіла Лермантава (1969), паэмы «Энеіда» Івана Катлярэўскага (1969), «Спеў аб Гаяваце» Г. Лангфэла (1969), твораў Ясеніна, Маякоўскага, Твардоўскага, Ісакоўскага і іншых. Моўная палітра вельмі багатая, ён перакладаў з рускай, украінскай, англійскай, іспанскай, яўрэйскай і іншых моў. Раздзел выставы аб жыцці і творчасці А. Куляшова прадэманструе літаратурную крытыку і асноўныя напрамкі даследавання яго літаратурнай спадчыны.

Падчас мерапрыемства адбудзецца відэапрэзентацыя матэрыялаў выставы, падрыхтаванай Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, на якой будуць прадстаўлены рукапісы, нататнікі, узнагароды і іншыя асабістыя рэчы народнага паэта Беларусі.

У вечарыне прымуць удзел родныя і сябры Аркадзя Куляшова, даследчыкі і пісьменнікі. У межах мерапрыемства плануецца выступленне фальклорнага ансамбля «Ліцвіны» пад кіраўніцтвам унука А. Куляшова Уладзіміра Берберава, прэзентацыя малюнкаў пачынаючай мастачкі Алесі Іса, праўнучкі А. Куляшова, а таксама паказ урыўка са спектакля «Майго юнацтва крылы» ў выкананні артыстаў ТЮГа.

Паводле прэс-рэліза

Прэсавая служба СБП