Вечарына “Каралішчавічы. Сустрэча праз гады...” — 31 студзеня

Арганізатарамі мерапрыемства сталі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і паэтка Галіна Каржанеўская, якія напярэдадні традыцыйнага вечара сустрэчы выпускнікоў вырашылі наладзіць сустрэчу выпуснікоў аднаго з Рэспубліканскіх семінараў пісьменнікаў, што праводзіўся ў Доме творчасці “Каралішчавічы”. У гэты раз ва ўтульнай зале бібліятэкі збяруцца “выпускнікі” семінара 1967 года.

Кожны з пісьменнікаў рана ці позна азіраецца на пачатак свайго творчага шляху. Першыя няўмелыя спробы пяра... Першая публікацыя... Першыя настаўнікі-дарадчыкі – праваднікі ў свет прыгожага пісьменства... Многія з сяброў Саюза пісьменнікаў БССР (так як ён тады называўся) прайшлі праз рэспубліканскія семінары маладых і добра памятаюць Дом творчасці “Каралішчавічы”, куды яны з’язджаліся з розных куткоў Беларусі са сваімі творчымі напрацоўкамі.

Сяргей Дубавец, Алесь Бадак, Ірына Жарнасек, Янка Сіпакоў, Сяржук Сокалаў-Воюш, Вінцэсь Мудроў, Ендрусь Акулін, Уладзімір Пракапцоў, Яўген Міклашэўскі, Уладзімір Бутрамееў, Сяргей Законнікаў, Галіна Булыка, Іван Чыгрынаў, Ніл Гілевіч, Максім Танк, Сяргей Кавалёў, Язэп Янушкевіч, Адам Глобус... Мінск. Каралішчавічы. 25.11.1983. Фота adam-hlobus.livejournal.com

Зімой 1967 года адбылася чарговая вучоба маладых паэтаў: чытанне і калектыўны разбор вершаў, знаёмства ўдзельнікаў, спрэчкі і абмен думкамі, прагулкі па зімовым лесе... Безумоўна, без гэтага семінара не ўсе з іх сталі б прафесійнымі літаратарамі, майстрамі слова.

Колішнія “выпускнікі” даўно ўжо сталыя людзі. У іх шмат выдадзеных кніжак, грамадскае прызнанне, літаратурны вопыт. Яны самі ўжо вучаць маладых, дапамагаюць ім стаць на крыло. І вось, больш чым праз сорак гадоў, яны збіраюцца на сустрэчу. Не ўсе. На жаль, не ўсе, бо многіх ужо няма сярод нас. Сустрэнуцца вядомыя паэты – вучні і настаўнікі, каб успомніць часы маладосці і хаця б у думках зноў прайсціся сцежкамі былога Дома творчасці “Каралішчавічы”...

У праграме мерапрыемства – выступленні паэтаў Генадзя Бураўкіна, Анатоля Вярцінскага, Васіля Жуковіча, Галіны Каржанеўскай, Ніны Шкляравай, Фелікса Баторына, Марыі Шаўчонак, літаратуразнаўцы Людмілы Карпавай, навуковых супрацоўнікаў Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, маладых беларускіх бардаў.

Уваход вольны.

Кантактны тэлефон: (017) 222-82-58.

Паводле прэс-рэлізу