Вечарына “Леў Багдановіч – малодшы брат Максіма Багдановіча”

Максім Багдановіч.

Сваё адметнае месца сярод выдатных беларускіх паэтаў пачатку ХХ стагоддзя займае Максім Багдановіч. Пра гэтага беларускага генія сказана многа,  але ў гэтым годзе надышоў час згадаць пра  малодшага брата Максіма Багдановіча  – Льва з нагоды яго 120-годдзя. Выдатны матэматык і вайсковец, шчыры таварыш і брат, абаяльны чалавек… Так нам распавядаюць пра Льва архіўныя матэрыялы і старыя фотаздымкі.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае ўсіх цікаўных прыняць удзел у літаратурнай імпрэзе “Леў Багдановіч – малодшы брат Максіма Багдановіча”. Прысутным і гасцям мерапрыемства будзе прапанавана ўнікальная магчымасць параўнаць свой сямейны сусвет з сусветам сям’і Багдановічаў і паразважаць над асаблівасцямі такіх з’яў, як адносіны са сваякамі,  акалічнасцямі сямейнага выхавання, стасунках паміж крэўнымі братамі і сёстрамі. Кожны з творцаў будзе распавядаць сваю гісторыю ўзаемаразумення з роднымі, а лейтматывам вечарыны будуць браты Максім і Леў Багдановічы.

У імпрэзе прымаюць удзел прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі: Адам Глобус, Альгерд Бахарэвіч, Таццяна Сівец, Андрэй  Адамовіч, Віталь Рыжкоў, Уладзь Лянкевіч і іншыя.

Уваход вольны

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"