Вечарына Вольгі Іпатавай
У Доме Літаратара адбылася вечарына Вольгі Іпатавай.
Пра шматграннасць яе таленту распавяла прысутным прафесар Лідзія Савік. Яна падкрэсліла, што Вольга Іпатава, працягваючы традыцыі сваіх папярэднікаў, у першую чаргу Уладзіміра Караткевіча, усё ж першая ў беларускай літаратуры распачала своеасаблівую планамерную “серыю” твораў, прысвечаных нашай даўніне — ад паганскіх часоў да Грунвальдскай бітвы, і зараз працуе над творам пра Крэўскую унію.
Сама аўтарка запланавала гэтую сустрэчу як своеасаблівае дапаўненне да сваіх мемуараў, якія таксама ляжаць на яе рабочым стале, і таму выступленні многіх прысутных — Людмілы Паўлікавай-Хейдаравай, Валерыя Санько, Антаніны Хатэнка, старшыні рады беларускай інтэлігенцыі Уладзіміра Коласа, Ніны Загорскай – тычыліся эпізодаў сумеснай працы з гераіняй сустрэчы на тэлебачанні, у газеце “Культура”, ў часопісе “Спадчына”, а таксама шчырых чалавечых стасункаў паміж імі. Так, рэжысёр і паэтка Віргінія Тарнаўскайтэ, адна з укладальніц кнігі “Літоўская паэзія”, прачытала вершы паэта Бярнардаса Бразджоніса на літоўскай мове, а Вольга Іпатава – іх жа ў сваім перакладзе на беларускую мову. Гэтых выдатных жанчын звязвае шматгадовае сяброўства з часоў працы ў Тэатры юнага гледача. На імпрэзе выступіў і бард і паэт Эдуард Акулін.
Увогуле, вечарына атрымалася шчырай і цёплай. На яе з Вілейкі прыехалі сябры творчай суполкі імя А. Гурыновіча на чале з яе кіраўніцай Зінаідай Крупскай, а з пасёлка Свіслач – паэтка Ніна Сакава. Абедзьве яны лаўрэаткі міжнароднай прэміі імя Міколы Ганька.
Ягор Фядзюшын.