Вечарына да 80-годдзя Барыса Сачанкі — 16 мая
Творчасць Барыса Сачанкі з’явілася каштоўным набыткам беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. Барыс Сачанка з першых твораў заявіў пра сябе вельмі смела, нечакана і ярка. Родам ён з Палесся, з вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Яму не было і шасці гадоў, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. Трагедыя маленства праходзіць амаль праз усю творчасць Барыса Іванавіча. Убачанае і перажытае знайшло сваё адлюстраванне ў творах пісьменніка - “Чужое неба”, “Апошнія і першыя”, “Палон” і інш.
Барыса Іванавіча ведаюць не толькі як цудоўнага празаіка, але як і крытыка, публіцыста, перакладчыка, актыўнага грамадскага дзеяча, які, не шкадуючы сваіх сіл і здароўя, працаваў на адраджэнне нашай Бацькаўшчыны. Адным з першых ён пачаў даследаваць літаратурную творчасць беларускай эміграцыі, рэпрасаваных пісьменнікаў, грамадска-літаратурны рух 1920-30-х гадоў.
Барыс Сачанка працаваў на розных пасадах: рэдактарам аддзела прозы часопіса “Полымя, сакратаром праўлення СП Беларусі, загадчыкам аддзела перакладной замежнай літаратуры выдавецтва “Мастацкая літаратура”. З 12 студзеня 1993 года Барыс Іванавіч з’яўляўся галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”.
Пісьменнік узнагароджаны двума ордэнамі “Знак Пашаны”, юбілейным медалём “За доблесную працу”, медалём Ф. Скарыны, дзвюма Ганаровымі граматамі і Граматай Вярхоўнага Савета Беларусі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І. Мележа (1991 г. за кнігу “Сняцца сны аб Беларусі…”).
У мерапрыемстве возьмуць удзел: Барыс Пятровіч (Сачанка), Кастусь Цвірка, Анатоль Вярцінскі, Віктар Дашук, Уладзімір Гніламёдаў, літаратуразнаўцы і аматары творчасці Б. Сачанкі.
Месца правядзення: Музей Максіма Багдановіча (вул. Максіма Багдановіча, 7а). Тэл. 334-56-21.
Пачатак – 18.00
Куратар мерапрыемства – Юрый Крэпскі.