Вечарына да 130-годдзя Коласа адбылася ў Магілёве

Напачатку снежня ў Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу адбылася святочная вечарына з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. Вечарыну арганізавалі аддзел культуры Магілёўскага гарвыканкама, Магілёўская харавая капэла і Магілёўскае аддзяленне Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Гасцямі вечарыны былі ўнучка Якуба Коласа Марыя Міхайлаўна Міцкевіч і дырэктар філіяла Дома-музея Я. Коласа ў Мікалаеўшчыне Соф’я Пятроўна Міцкевіч. Яны распавялі пра жыццё народнага песняра, пра асаблівасці захавання яго спадчыны, а таксама пра свае радаводы і нашчадкаў Я. Коласа. Было шмат пытанняў ад прысутных, і на кожнае з іх быў дадзены змястоўны адказ.

Была паказана відэапрэзентацыя пра Я. Коласа, прагучалі яго вершы. Запомніліся народныя спевы ў выкананні магілёўскіх калектываў. Паэт Алесь Казека прачытаў урывак са сваёй паэмы “Час сяўбы”. Кампазітар-песеннік Мікола Яцкоў спецыяльна для вечарыны падрыхтаваў цыкл песень на вершы Якуба Коласа, і дзве песні з гэтага цыклу прагучалі са сцэны. А ноты былі перададзены М.М. Міцкевіч, якая запэўніла, что яны годна папоўняць фонды і экспазіцыі Дома-музея Я. Коласа.

Ул. інф. магілёўскага аддзялення СБП

На фота: Алесь Казека, Соф'я Міцкевіч, Мікола Яцкоў і Ала Яцкова, Марыя Міцкевіч, Яраслаў Клімуць.