Вечарына да 220-годдзя Івана Грыгаровіча адбылася ў Магілёве

13 снежня ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Масленікава намаганнямі Таварыства беларускай мовы і Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Раманава адбылася вечарына, прысвечаная 220-годдзю з дня нараджэння Івана Іванавіча Грыгаровіча – святара, вядомага рускага археолага, гісторыка, збіральніка рукапісаў па гісторыі Беларусі, ураджэнца Прапойска (цяпер г. Слаўгарад Магілёўскай вобласці).

Протаіерэй Іван Грыгаровіч, гравюра А. С. Янава

Пра жыццё і дзейнасць протаіерэя І. Грыгаровіча змястоўна і захапляльна распавёў настаяцель храма-помніка Пятра і Паўла у в. Лясная Слаўгарадскага раёна протаіерэй Георгій Сакалоў. Ён таксама адказаў на шматлікія пытанні прысутных.

У вечарыне ўдзельнічаў старшыня Магілёўскага аддзялення СБП Мікола Яцкоў. Пісьменнік перадаў айцу Георгію копіі рэдкіх публікацый пачатку ХХ ст. – пра пачатак будаўніцтва храма ў в. Лясная і пра святкаванні 200-годдзя бітвы пры Лясной, што адбываліся ў 1908 годзе.

Ул. інф. магілёўскага аддзялення СБП