Вечарына да 85-годдзя з Дня нараджэння Еўдакіі Лось — 4 сакавіка

Еўдакія Якаўлеўна Лось

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Вясна – найлепшая пара для паэтаў: абуджаецца жыццё, абуджаюцца ўзнёслыя пачуцці ў сэрцы і нараджаюцца прыгожыя радкі. У сваім вершы “Сакавік” словы радасці абвясціла славутая беларуская паэтэса Еўдакія Лось. Яна нарадзілася ў першы дзень вясны 1929 года. Назву першага веснавога месяца яна дала і сваёй першай кнізе – “Сакавік” (1958). Гэтай жанчыне-паэтцы, упэўненай і ўстойлівай, як само жыццё, наканавана было захаваць і пранесці праз усе выпрабаванні вечныя духоўна-эстэтычныя ідэалы прыгажосці, дабрыні, спагады, а таксама веры, любові і надзеі.

Уладзімір Караткевіч назваў некалі Еўдакію Лось “жытніцай” –  “істотай з беларускага фальклёру, якая жыве ў каласах і памірае толькі тады, калі апошні чалавек сабраў свой ураджай. Яна дапамагае ўсім і дух яе жыве нават у тым пучку жыта, які выносяць вясною на Юр’я ў поле”. “А за добрае стаўленне да мяне і заступніцтва, – пісаў Ул. Караткевіч, – я, калі напішу якую-небудзь паэму, прысвячу яе табе...”

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падрыхтавала выставу “Зараз выкажу, выпею сонца-душу”, прысвечаную творчай спадчыне Еўдакіі Лось. На выставе будзе магчымасць убачыць усе яе прыжыццёвыя зборнікі (ад “Сакавіка” (1958) да “Лірыкі ліпеня” (1977), а таксама апошнія перавыданні і сучасныя публікацыі яе твораў. На выставе прадстаўлены не толькі вершы і паэмы, але і апавяданні, замалёўкі, бо як вядома, Еўдакія Лось пісала і для маленькіх чытачоў.

Яе творы перакладаліся на розныя мовы свету, з гэтымі перакладамі можна пазнаёміцца на выставе, а таксама ацаніць перакладчыцкі талент самой Еўдакіі Лось. Творчая спадчына беларускай паэтэсы цудоўна дапоўнена яе перакладамі з англійскай, украінскай, рускай, латышскай, малдаўскай і іншых моў. Асобны раздзел выставы прысвечаны жыццёваму шляху Еўдакіі Лось, а таксама літаратурнай крытыцы яе творчасці, прадстаўленай працамі вядомых літаратуразнаўцаў.

На мерапрыемства падзяліцца сваімі ўспамінамі і думкамі запрошаны родныя Еўдакіі Лось, паэты і пісьменнікі, прыхільнікі яе творчасці. Усіх чакае выступленне ўзорнага ансамбля народнай музыкі “Бараўлянская крынічка”

Паводле прэс-рэлізу

Прэсавая служба СБП