Вечарына да 75-годдзя з дня нараджэння Нэлі Тулупавай — 7 лютага

7 лютага 2013 года а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13) адбудзецца вечарына, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння паэтэсы, празаіка, перакладчыцы Нэлі Тулупавай.

Нэлі Іванаўна Тулупава (па мужу Лісоўская) нарадзілася 01.02.1938 г.у в. Капань Рэчыцкага р-на Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка. У 1955 г. скончыла Гомельскае медыцынскае вучылішча. Працавала фельчарам і акушэркай у медыцынскіх установах Віцебшчыны, дыктарам Віцебскага абласнога тэлебачання. У 1969 г. скончыла завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1962 г. пераехала ў Горкі Магілёўскай вобласці, дзе працавала інструктарам РДК, медсястрой у бальніцы, загадчыкам агульнага сектара райкама камсамола, рэдактарам газеты «Советский студент» Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1974-1978 гг. – загадчык рэпертуарнага аддзела Белдзяржфілармоніі, у 1979-1988 гг. – старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1990 г. загадчык аддзела літаратуры часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1977 г. Памерла Нэлі Тулупава ў 2001 г.

У друку выступала з 1956 г. (аршанская раённая газета «Ленінскі прызыў»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Станцыя надзей» (1971), «Дабрадзея»(вершы і паэмы, 1977), «Босая цішыня» (вершы, паэма, 1980), «Гарывада» (драматычная паэма-бая, 1984), «Сонца ў хату» (выбранае, 1986), «Як павезлі мяне сватаць» (гумарэскі, 1987), «Скажыце ўсім» (лірыка і гумар, 1988), кніжак для дзяцей «Дожджык Мікіта» (вершы, 1979), «Бізоны-рабінзоны» (казкі, 1983), «Пра што думае кіт» (аповесць, 1986). Перакладала на беларускую мову творы паэтаў з рэспублік Савецкага Саюза.

У праграме вечара – выступленні паэтаў і пісьменнікаў (Казіміра Камейшы, Анатоля Вярцінскага, Раісы Баравіковай, Зміцера Пятровіча і інш.), артысткі Белдзяржфілармоніі Зінаіды Феакціставай, салісткі фальклорнага гурта «Вербіца» Жаны Швед, юных літаратараў – удзельнікаў гуртка «Малінаўскія галасы» і інш. У межах імпрэзы адбудзецца прэзентацыя кнігі ўнучкі паэтэсы Валерыі Радунь «След дождя». 

Прэсавая служба СБП